На датэрміновых парлямэнцкіх і мясцовых выбарах у Сэрбіі, якія адбыліся ў нядзелю, перамагла кааліцыя праэўрапейскіх партый. Паводле папярэдніх зьвестак, яна набрала каля 39 % галасоў. Яе галоўныя супернікі — сэрбскія нацыяналісты з Радыкальнай партыі — адсталі амаль на 10 %. Гэты вынік значна горшы, чым на мінулых парлямэнцкіх выбарах паўтара года таму. У парлямэнт Сэрбіі ўвойдуць яшчэ тры партыі — партыя Каштуніцы, сацыялісты і лібэралы — і прадстаўнікі нацыянальных мяншынь.

Ніхто — ні прыхільнікі дэмакратычнага блёку, ні аналітыкі, якія паслугаваліся апытаньнямі грамадзкай думкі, — не чакаў перамогі дэмакратаў, а наўрад ці й самі палітыкі з Дэмакратычнай партыі верылі ў тое, што могуць так пераканаўча паразіць Радыкальную партыю Сэрбіі.

Сэрбскія палітыкі перад выбарамі сьцьвярджалі, што на гэты раз галасаваньне будзе мець характар рэфэрэндуму «за» ці «супраць» Эўропы. У выніку сытуацыя сапраўды вырашылася на карысьць эўрапейскай інтэграцыі краіны. Спэцыялісты лічаць, што на сэрбскіх выбарцаў паўплывала тое, што пры канцы красавіка было падпісанае пагадненьне пра збліжэньне Сэрбіі з Эўразьвязам, потым ЭЗ пагадзіўся з аблягчэньнем візавага рэжыму для сэрбскіх грамадзян, а перад выбарамі была дасягнутая дамоўленасьць пра некалькі буйных інвэстыцый эўрапейскіх партнэраў.

Але, нягледзячы на перамогу дэмакратычнага блёку, як толькі сталі вядомыя вынікі выбараў, усе ў Белградзе пачалі займацца матэматыкай — лічыць, колькі мандатаў у астатніх партый, і якія зь іх дэмакраты змогуць прыцягнуць для фармаваньня кааліцыйнага ўраду. Бо абсалютнай большасьці ў парлямэнце яны не атрымалі, і ўжо ад сёньня пачнуцца цяжкія перамовы з патэнцыйнымі партнэрамі.

Паводле: Айя Куге, Радио Свобода / Радио Свободная Европа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0