У нядзелю 11 траўня пад Менскам адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы зьезд Беларускага Хельсынкскага камітэту.

Перад зьездам праваабарончая арганізацыя сутыкнулася з праблемай пошуку памяшканьня. Была папярэдняя дамоўленасьць з гатэлем «Юбілейны», але урэшце БХК там адмовілі. За дзень да мерапрыемства адмова прыйшла таксама ад гатэлю «Юбілейны», дзе нібыта прарваліся трубы. У тэрміновым парадку былі абтэлефанаваны паўтара дзесятка іншых установаў, але ўсюды БХК сутыкалася з адмовай. Урэшце, было вырашана сабрацца пад Менскам у прыватнай хаце Тацяны Процькі.

У працы зьезду ўзялі ўдзел 36 дэлегатаў. Старшыня арганізацыі Т.Процька па ўласнаму жаданьню пакінула гэтую пасаду. Новым кіраўніком арганізацыі адзінагалосна быў абраны Алег Гулак, які і выконваў гэтыя абавязкі пасьля таго, як Т.Процька зьехала ў ЗША. Намесьніцай старшыні БХК стала Тацяна Гацура, якая раней займала пасаду выканаўчага дырэктара арганізацыі.

«Хачу адзначыць, што нейкіх радыкальных зьменаў у нашай дзейнасьці чакаць не даводзіцца. Арганізацыя мае сваю напрацаваную гадамі традыцыю, у чым і заключаецца наша сіла. Я таксама ў БХК чалавек ня новы. Разам з тым, мы хочам пашырыць у працы арганізацыі маніторынгавы, аналітычны, адукацыйны накірункі. Важнай задачай сёньня падаецца маніторынг сёлетніх парлямэнцкіх выбараў», – сказаў новы старшыня БХК Алег Гулак.

Зьезд прайшоў ціха, без усялякіх перашкодаў з боку міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?