Папярэдні перапіс насельніцтва Беларусі прайшоў у 2009 годзе. Паводле тых звестак, на тэрыторыі краіны жылі 9 503 807 чалавек. Белстат лічыць, што за мінулыя гады гэтая лічба паменшала толькі на 4 тысячы чалавек.

Адно з пытанняў таго перапісу датычыла нацыянальнасці. Выявілася, што доля беларусаў працягвае расці і перавысіла 83,7% насельніцтва. Часцяком дзеці прадстаўнікоў этнічных меншасцяў называлі сябе беларусамі.

Падчас перапісу не абышлося і без «збояў». Нехта насуперак правілам называў адразу дзве свае нацыяльнасці, нехта не называў ніводнай. Такім чынам «выпалі» 2,4% апытаных — каля 230 тысяч чалавек.

Статыстыка была апублікаваная па раёнах, аднак без падрабязнага падзелу па сельсаветах. Цяпер жа ўкраінскі блогер Цім Бяспятаў апрацаваў масіў звестак і апублікаваў табліцу з падрабязнымі вынікамі перапісу-2009.

Якія цікавыя назіранні можна зрабіць?

Руская большасць пад Кіраўскам

Паводле перапісу, доля рускіх складала 8,26% — кожны дванаццаты жыхар Беларусі лічыць сябе рускім. Гэта найбольшая этнічная меншасць у краіне.

Тут і далей — фоты з фестываляў нацыянальных культураў у Гродне.

Аднак толькі на тэрыторыі адной адміністратыўнай адзінкі рускія складаюць большасць. Гэта Скрыпліцкі сельсавет у Кіраўскім раёне. Адметна, што гэты сельсавет не прымежны, а знаходзіцца пасярод Магілёўшчыны. Паводле перапісу, у ім пражывала 1465 чалавек, 56% з якіх назвалі сябе рускімі. Цікава, што на тэрыторыі сельсавета працуе калгас «Беларусія».

Рэч у тым, што ў Кіраўскім раёне ўжо трэцяе стагоддзе жыве шмат стараабрадцаў, што былі ўцякалі ад рэлігійнай нецярпімасці з Расійскай імперыі ў Рэч Паспалітую.

Дзе яшчэ шмат рускіх?

У Клецкім раёне ёсць мястэчка Азярэчча (раней Клецк-2), якое ўваходзіць у Галынкавіцкі сельсавет. У ім пражываюць расійскія вайскоўцы, а таксама беларусы, якія працуюць на радыёлакацыйнай станцыі «Волга». За кошт гэтага падчас перапісу доля рускіх дасягала 34%.

Такая ж лічба зафіксаваная ў Гарбацэвіцкім сельсавеце Бабруйскага раёна, амаль столькі ж — 33% рускіх — жывуць у Мачулішчах пад Мінскам. Тут прычына простая — наяўнасць авіяцыйнай базы.

Вялікая доля рускіх таксама ў пасёлках, якія знаходзяцца вакол Полацка і Наваполацка. У вайсковай Баравусе 29% рускіх, у элітным Міжрэччы — 26%.

Сярод гарадоў найбольш рускіх у спецназаўскай Мар’інай Горцы — 17%, Наваполацку — 16% і Полацку — 15%.

Палякі дамінуюць у Воранаве

Палякі складаюць 3,1% насельніцтва краіны — кожны трыццаць другі. Гэта другая па велічыні этнічная меншасць.

На абсалютнай большасці тэрыторыі Беларусі палякаў — лічаныя дзясяткі і сотні. Аднак пры гэтым ёсць адміністратыўныя адзінкі, дзе жывуць спрэс палякі.

Напрыклад, у Воранаўскім раёне 81% насельніцтва назваўся палякамі. Падчас перапісу там жылі каля 30 тысяч чалавек, цяпер засталіся каля 26 тысяч.

Тамтэйшыя сельсаветы білі рэкорд за рэкордам: Паляцкіскі сельсавет — 90% палякаў, Гіркаўскі і Пагародзенскі сельсаветы — па 89%, Жырмунскі і Доціскі — па 88%, Радунскі — 87%, Забалацкі і Місявіцкі — 85%, Беняконскі і Пераганцаўскі — 84%, Воранаўскі — 83%, Бастунскі — 80%, Канвеліскі — 73%, Больціскі — 63%. У самім Воранаве 71% жыхароў адносяць сябе да палякаў.

Якія яшчэ астраўкі палякаў ёсць у Беларусі?

У Сапоцкіне назвалі сябе палякамі 84% апытаных. Таксама высокая доля ў Васілішкаўскім сельсавеце Шчучынскага раёна (78%), Шылавіцкім сельсавеце Ваўкавыскага раёна (77%) і Ваверскім сельсавеце Лідскага раёна (75%).

З гарадоў найбольшую долю палякаў маюць Шчучын (39%), Ліда (35%) і Ваўкавыск (23%). Сярод абласных цэнтраў варта ўзгадаць Гродна — 20% палякаў.

Найбольш украінцаў пад Камарынам

Трэцяя этнічная меншасць — украінцы. Іх налічылася 1,67% — кожны шасцідзясяты.

Найбольшая доля ўкраінцаў налічылася пад Камарынам — 22%. Гэта Брагінскі раён, паўднёва-ўсходні край Беларусі.

Астатнія ўкраінскія астраўкі таксама раскіданыя ўздоўж паўднёвай мяжы. Напрыклад, у Белавежскім сельсавеце Камянецкага раёна і Хаціслаўскім сельсавеце Маларыцкага раёна па 17% украінцаў. Апошні мяжуе з Украінай, а ў першым жывуць работнікі агракомплексу, куды ў савецкі час наймалі людзей з Валыні.

Сярод раёнаў найбольшую долю ўкраінцаў маюць Камянецкі, Маларыцкі і Брэсцкі раёны (па 7%). З гарадоў — Маларыта (6%), Брэст, Васілевічы і Мар’іна Горка (па 4%).

Дробныя меншасці раскіданыя па краіне

Астатнія этнічныя меншасці надзвычай малалікія — менш за 13 тысяч чалавек, дый і тыя часта раствараюцца ў буйных гарадах.

Якія асноўныя «зоны аседласці» маюць астатнія нацыі?

Літоўцы ўтвараюць заўважную групу ў Больціскім сельсавеце Воранаўскага раёна (27%) і ў Гервяцкім сельсавеце Астравецкага раёна (22%).

Найбольшая канцэнтрацыя цыганоў — у вёсках вакол Жыткавіч. У ваколіцах горада яны складаюць 15,5% насельніцтва. Таксама даволі вялікія лічбы ў Прыбарскім сельсавеце (гэта ваколіцы Гомеля) — 9,9%, Майскім сельсавеце (ваколіцы Жлобіна) — 6,4%.

У Іўі татараў — 6,4%, у Навапольскім сельсавеце Пухавіцкага раёна — 2,2%, у Смілавічах — 2,1%, у Відзах — 1,2%.

Армяне жывуць у Прудкоўскім сельсавеце Мазырскага раёна — 1,9%, але гэта ўсяго толькі адна ці дзве сям'і — 11 чалавек.

Азербайджанцы адзначыліся ў Зубаўскім сельсавеце Аршанскага раёна — 1,6%, гэта 12 чалавек. Таксама адна ці дзве сям'і.

Сярод адміністратыўных адзінак найбольшая доля габрэяў у Капацэвіцкім сельсавеце Петрыкаўскага раёна (0,6%; 10 чалавек).

99,9% беларусаў

Напрыканцы пра самую шматлікую нацыю на тэрыторыі Беларусі — непасрэдна пра беларусаў (84% падчас перапісу).

Найменшая доля беларусаў зафіксаваная ва ўжо названых сельсаветах Воранаўскага раёна, дзе лічба апускалася да 6%. З гарадоў менш за палову насельніцтва беларусы складаюць толькі ў Шчучыне (44%) і Лідзе (49%).

А вось найбольшая лічба была зафіксаваная ў Мхініцкім сельсавеце Краснапольскага раёна, на ўсходзе краіны — 99,9% беларусаў! На тэрыторыі сельсавета жылі 1022 чалавекі, з іх толькі па адным украінцы і рускім. Астатнія — беларусы.

Сярод раёнаў наперадзе Столінскі і Лельчыцкі (па 97% беларусаў), сярод гарадоў — Любань, Янава, Клічаў і Давыд-Гарадок (па 96%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?