Я прачытаў рэакцыю некаторых вядомых асоб на выставу жаночых партрэтаў у нацыянальных строях, і неяк яно мяне зачапіла.

От Саша Раманава напісала: «Вёска — прымусовая калектывізацыя, ігнор усіх відаў мастацтваў і вяршэнства дзікай прыроды над чалавечай думкай».

А я ўчора ўпершыню ў жыцці даіў казу.

Першы раз рабіць гэта вельмі страшна. Цыцкі ў казы не такія мяккія, як у жанчыны, але цёпленькія. Хвілін дзесяць я мучыў Цёцю — і ціскаў, і дзёргаў, а ўсё дарма. Лоб ужо пачаў макрэць. А пад ілбом пабеглі думкі: «Бляха! У краме ж малако каштуе дзесяць тысяч!». Як той кажа, не мела баба клопату, купіла парася.

А потым пабегла малако. Сапраўднае белае малако! Цёця зірнула мне ў вочы і неяк адразу адчула маю радасць і стала церціся галавою аб маю нагу.

 Калі ў мяне быў кот Рома, сяброўка ў мінскім гастраноме сказала:

— Ты пахнеш Ромам.

— ?

— Не ромам, а Ромам.

Цяпер я пахну Цёцяй. Цёцяй Моцяй.

Даю я Цёцю і думаю, як патлумачыць сваю радасць Сашам Раманавай ды Варламаву. І пачну здалёк.

Калі я вучыўся ў адзінаццатым классе, то марыў найхутчэй вылецець з бацькоўскага гнязда. Ну, як усе. А адным вечарам яшчэ не спаў і пачуў размову бацькоў на кухні. Яны ўзгадвалі гісторыі з маладосці, смяяліся, перабівалі адно аднаго. Тым вечарам кухня свяцілася шчасцем. І маці сказала:

— А ты ведаеш, што, калі ноччу зайсці да Андрэйкі, ён заўсёды паварочваецца на другі бок. Як бы ты ціха ні зайшоў, а ён павернецца.

Каб даказаць свае словы, маці павяла бацьку ў мой пакой. Яны краліся ціхенька-ціхенька. Але я зрабіў выгляд, што сплю і павярнуўся на другі бок, каб яны былі радыя. У той мамонт усе гармоны сціхлі і я адчуў пяшчоту да бацькоў. Такую сарамлівую, троху нязвыклую пяшчоту.

Ці як я жыў на хутары, прачнуўся раненька, а ў душы было зашмат святла. Я пайшоў у поле, нарваў кветак, паставіў іх у вазу побач з жонкай. А яна спала, а з-пад коўдры высуналася каленка. І так нясцерпна захацелася пацалаваць тую каленку. І от гэта была пяшчота.

Можна тысячу разоў сказаць слова «нежность»: нежность, нежность, нежность, нежность, нежность, нежность… А адзін раз — пяшчота — і цела наліваецца цёплым малаком казы Цёці Моці.

Якой бы ні была русіфікаванай беларуская вёска, а для сапраўднай пяшчоты тут шукаюць толькі свае словы.

А прыязджаю да маці, мучыць смага, бяру слоік з бярозавікам, выпіваю мо літр. Маці ўсміхаецца, кажа:

— Здаволіўся?

Здаволіўся. А як гэта сапраўднае сказаць інакш? Як перакласці яго? Можна перакласці слова, але пяшчота не перакладзецца разам з ім. Таму мова — гэта таксама пяшчота. Сказаць гэта іншай мовай — усё адно, што выбраць не каленку любімай жанчыны, а сэкс з прастытуткай. Атрымаць толькі задавальненне — але не пяшчоту.

І купіць малако ў краме — гэта сэкс з прастытуткай. Лёгка, якасна, за грошы. Так, не трэба баяцца наблізіцца да казы, не трэба выціраць з ілба пот. Але ніхто і не лашчыцца пысай, калі бярэш той пакет ці пластыкавую бутэльку з паліцы. Нікому не скажаш:

— Цётачка, харошая ты мая. Дзякуй!

Я ўзгадваю, як на мінскім вакзале шукаў разетку зарадзіць тэлефон. Падыходзіў да касірак у крамах, а яны казалі:

— Маладой чалавек, в какое врэмя вы жывёце? Ідзіце і зараджайце ў платный аўтамат.

А потым я вярнуўся ў свой Прудок, пайшоў у краму па цукар, а яго не было. Прыйшоў на наступны дзень, а прадаўчыха і кажа:

— На, я табе свой з дому прынесла.

Проста так. За дарма.

«Вёска — вяршэнства дзікай прыроды над чалавечай думкай…»

Я не сцвярджаю, што Беларусь — гэта толькі вёска. Гэта нават не абмяркоўваецца. Я люблю чытаць, як Сяргей Харэўскі піша пра Мінск. Я люблю глядзець рэканструкцыі гістарычных падзеяў, якія ладзіць Павел Калінкоў у клубе «Залатая шпора». Я люблю чытаць мемуары пра жыццё беларускай шляхты. Я толькі сцвярджаю, што вёска — гэта не толькі бруд, але і пяшчота. І партрэты жанчын у хустках у мінскім двары — гэта пяшчота.

Я запрашаю прыўкрасную Сашу Раманаву ў госці, каб навучыць даіць казу. І прыўкраснага пана Варламава таксама запрашаю, каб паказаць свае вузкія порткі з голымі лыткамі і хіпстарскую бараду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?