Міхаіл Латышаў, Павел Старавойтаў і Алесь Макаеў каля будынка суда, фота з фэйсбука Алены Талстой
Як паведамляла «Наша Ніва», 21 мая ў Жодзіне за акцыю салідарнасці былі затрыманыя пяць чалавек: сябры прафсаюа «Салідарнасць» Алесь Макаеў, Алесь Абрамовіч і Міхась Латышаў, актывіст БХД Павел Пракаповіч і маладафронтавец Павел Старавойтаў.
Спачатку мітынгоўцы звярнуліся са зваротам да гандляроў і наведнікаў рынку, потым пайшлі па шэрагах. Міліцыя фіксавала дзеяньні актывістаў, а затым пачаліся затрыманні. Да суда затрыманыя ўтрымліваліся ў міліцэйскім пастарунку.
Як паведаміў «Нашай Ніве» кіраўнік хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец, у панядзелак падтрымаць затрыманых прыехалі пару дзясяткаў чалавек: з Мінска, Барысава, Оршы.
«Суды прайшлі досыць хутка, актывістам прысудзілі штрафы», — сказаў Севярынец.
Алесь Макаеў пакараны штрафам у 50 базавых велічыняў (10,5 млн рублёў), Алесь Абрамовіч — 40 б.в. (8,4 млн), Павел Пракаповіч — 25 б.в. (5, 25 млн), Міхась Латышаў — 20 б.в. (4,2 млн). Найменей далі Паўлу Старавойтаву — 15 базавых велічыняў (3,15 млн).