Суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў да 9 гадоў калоніі строгага рэжыму Валянціна Сянько — фігуранта справы аб рэзанансным ДТЗ з гібеллю двух чалавек, якое адбылося на Партызанскім праспекце ў Мінску ў верасні 2015 года.

Суд прызнаў абвінавачанага вінаватым па ч.5 арт.317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб).

Акрамя таго сваякам загінулых Сянько павінен выплаціць 150 мільёнаў рублёў (100 мільёнаў сям’і загінулай дзяўчыны і 50 мільёнаў – сям’і, дзе загінуў мужчына).

Як паведамлялася, абвінавачаны не меў правоў кіравання і знаходзіўся ў момант ДТЗ ў стане алкагольнага ап'янення, але ўсё роўна сеў за руль аўтамабіля Honda Concerto. У нейкі момант ён не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі і ўрэзаўся ў мачту вулічнага асвятлення. У выніку ДТЗ загінулі якія ехалі з ім 23-гадовая дзяўчына і 39-гадовы мужчына. Яшчэ адзін 32-гадовы пасажыр быў шпіталізаваны з траўмамі. П'яны кіроўца схаваўся з месца аварыі і пазней быў затрыманы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

Спачатку ён пад аховай знаходзіўся ў бальніцы - яму аказвалі медыцынскую дапамогу. З палаты Сянько выклаў сваё фота з подпісам «Прабачце за ўсё … я не са зла (((».

На першапачатковым этапе расследавання ён сцвярджаў, што машынай кіраваў мужчына, які загінуў, аднак вынікі экспертыз абверглі гэтыя паказанні.

Акрамя таго, Сянько пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін 5 гадоў і павінен заплаціць штраф памерам 200 базавых велічынь (42 млн рублёў).

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

Валянцін Сянько нарадзіўся ў 1991 годзе. Ён не жанаты, афіцыйна зарэгістраваны як рамеснік. Раней ён ужо быў асуджаны на 5 гадоў абмежавання волі за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, але ўвесь тэрмін не адбыў, трапіў пад амністыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?