Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл выступілі ў камітэце па міжнародных справах Еўрапарламента з сумеснай заявай з нагоды парламенцкіх выбараў, што маюць адбыцца. Заява была зробленая падчас візіту лідараў апазіцыі ў Брусель 23—24 мая, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

На сустрэчы ў камітэце па міжнародных справах Еўрапарламента з беларускага боку прысутнічалі сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, адна з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў, былы палітвязень Мікалай Статкевіч і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Пазіцыя дэмакратычных сіл Беларусі была адзіная: улады Беларусі, чарговым разам фальсіфікуючы выбары, прызначаць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за прадстаўнікоў апазіцыі. Для нас такі падыход з'яўляецца абсалютна непрымальным, бо ён толькі закансервуе сітуацыю адсутнасці рэальных выбараў у Беларусі», — цытуе Рымашэўскага прэс-служба БХД.

«Такія сустрэчы важныя, таму што фармуюць круг сяброў Беларусі, палітыкаў, якія падтрымліваюць дэмакратыю ў нашай краіне. Нам неабходна спыніць спробу імітацыі выбараў, спробу выдаць імітацыю за паляпшэнне сітуацыі», — падкрэсліў Рымашэўскі.

У паведамленні прэс-службы БХД адзначаецца, што з сумеснай заявай выступілі ўсе беларускія ўдзельнікі сустрэчы, акрамя прадстаўніцы «Гавары праўду».

Тэкст заявы пакуль вырашана не публікаваць, удакладніў прэс-сакратар БХД Максім Гацак.

Парламенцкія выбары ў Беларусі запланаваныя на 11 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?