Сёньня ў 9:40 па менскім часе ў адным са шпіталёў польскай сталіцы памерла Ірэна Сэндлер. Падчас ІІ сусьветнай вайны, спадарыня Сэндлер выратавала каля 2,5 тысячаў габрэйскіх дзяцей.

Гэты дзень меў быць радасным

У гімназіі №23 у Варшаве мела адбыцца ўрачыстасьць наданьня школе імя спадарыні Сэндлер. Урачыстасьць павінна была пачацца сёньня аб 11‑й, і школа не плянавала зьменаў у праграме.

Падчас ІІ сусьветнай вайны, Ірэна Сэндлер выратавала каля 2.5 тысячаў габрэйскіх дзяцей з варшаўскага гета.

У адзеньні мэдсястры вывозіла дзяцей з гета

Ірэна Сэндлер нарадзілася 15 лютага 1910 у Атвоцку. Перад вайной вывучала паляныстыку, супрацоўнічала з Польскай сацыялістычнай партыяй. Падчас акупацыі працавала ў структурах аховы здароўя. Ад восені 1943 г. сп-ня Сэндлер кіравала дзіцячай сэкцыяй у Радзе дапамогі габрэям «Жэгота».

Пасьля рашэньня немцаў пра ліквідацыю гета, распачала разам з калегамі акцыю па вывазе адтуль дзетак ды разьмяшчэньні іх у польскіх сем’ях, прытулках і кляштарах. У адзеньні медсястры, яна прыяжджала мэдыцынскім транспартам на тэрыторыю гета.

Дзецям давалі ўсыпляльныя сродкі, іх складалі ў скруткі альбо скрынкі й перавозілі на «арыйскі» бок, тлумачачы гестапаўцам, што дзеці памерлі ад тыфу. У гэты спосаб было выратавана каля 2.5 тысячаў дзяцей. Зьвесткі пра дзяцей, зашыфраваныя й схаваныя ў слоіках, перажылі вайну, дзякуючы чаму можна па яе заканчэньні малых было магчыма ідэнтыфікаваць.

У 1943 годзе Ірэна Сэндлер была арыштаваная гестапа. Яе катавалі й асудзілі на сьмерць. Але дзеячам «Жэготы» ўдалося падкупіць ахоўнікаў, і спадарыня Сэндлер пазьбегла расстрэлу.

Пасьля 1945 года яна працавала ў аддзеле аховы здароўя Варшавы.

У 1983 годзе інстытут «Яд ва‑Шэм» надаў Ірэне Сэндлер званьне Праведніцы сярод народаў сьвету, а ў 1991 годзе яна стала ганаровай грамадзянкай Ізраіля.

Намінавалася на Нобэля

У 2006 была намінаваная на Нобэлеўскую прэмію міра. Кандыдатуру высунуў амэрыканскі настаўнік Норм Конрад пры падтрымцы польскага прэзыдэнта Леха Качынскага й прэм’ера Ізраіля Эхуда Ольмэрта.

14 сакавіка 2007 году Сэнат Рэчы Паспалітай уганараваў Ірэну Сэндлер і Раду Дапамогі Габрэям. У красавіку 2007 спадарыня Сэндлер была адзначаная Ордэнам Усьмешкі, а ў траўні таго ж года атрымала тытул Ганаровай жыхаркі Варшавы.

Ірэне Сэндлер было 98 гадоў.

gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0