Фота Кацярыны Барысевіч, kp.by

Суд Асіповіцкага раёна вынес прысуд былой работніцы Беларусбанка ў пасёлку Ялізава, якая крала грошы з рахункаў кліентаў і афармляла фіктыўныя крэдыты на мясцовых жыхароў. Яе прысудзілі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведаміў адзін з пацярпелых. Факт вынясення прысуду пацвердзілі і ў судзе.

Нагадаем, што гучная справа пачалася яшчэ ў верасні мінулага года з гісторыі 92-гадовай пенсіянеркі з гэтага ж пасёлка. З рахункаў жанчыны ў Беларусбанку знікла каля 7,5 тысячы долараў. Куды - ніхто не ведаў. Праз некалькі дзён пасля публікацыі стала вядома, што па факце незаконнага зняцця грошай правялі праверку і распачалі крымінальную справу ў дачыненьні да ўжо былой працаўніцы банка Таццяны.

Пазней пенсіянерцы вярнулі яе зберажэнні разам з усімі адсоткамі. Але ў заблытанай гісторыі ўсплывалі новыя факты махлярства.

Следства выявіла, што 49-гадовая жыхарка Асіповіцкага раёна (тая самая Таццяна), якая працавала на пасадзе загадчыцы аддзяленнем Беларусбанка і была матэрыяльна адказнай асобай, здзяйсняла махінацыі на працягу 4 гадоў: з лютага 2010 па снежань 2014 года.

Пасля завяршэння расследавання Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэта перадаў справу ў суд, а Тацяну заключылі пад варту. Жанчыну абвінавачвалі ў крадзяжы 380 мільёнаў рублёў.

Дзеянні работніцы банка кваліфікавалі па ч. 3 і 4 арт. 210; ч.1 арт. 427 (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры, службовы падлог) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Прысуд уступіць у сілу праз 10 дзён пасля атрымання копіі прысуду самой абвінавачванай. Па словах аднаго з пацярпелых, дзеці Таццяны збіраюцца падаваць апеляцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?