Фінансавы стан прадпрыемстваў Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі («Белнафтахім») за мінулы год некалькі пагоршыўся, паведаміў намеснік старшыні канцэрна Ігар Бабыр 25 мая падчас прэс-канферэнцыі на ААТ «СветлагорскХімвалакно» (Гомельская вобласць).

«Стан фінансавы, чаго хаваць, пагоршыўся. Але не да такой крытычнай ступені: калі рэнтабельнасць продажу была ў раёне 9%, то яна знізілася ў кожнага прадпрыемства, у сярэднім па канцэрне зараз яна складае каля 4%. Вы бачыце, як нафта «ўпала», гэта пацягнула за сабой зніжэнне коштаў усёй нашай прадукцыі», — сказаў Бабыр.

Пры гэтым, паводле яго слоў, фізічныя аб'ёмы вытворчасці прадукцыі на прадпрыемствах канцэрна з пачатку 2016 года не зніжаюцца, і па выніках 12 месяцаў прагназуецца перавышэнне леташняга аб'ёму вытворчасці. У складзе «Белнафтахіма», дадаў Бабыр, цяпер два прадпрыемствы стратныя, на іх фінансавы стан негатыўна паўплывалі таксама ваганні курсаў валют.

«2015 год, які завяршыў пяцігодку, стаў адным з самых цяжкіх для канцэрна. Пагаршэнне кан'юнктуры на сусветным рынку нафты і нафтапрадуктаў вызначыла таксама зніжэнне кошту экспарту. Але дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі вытворчасцяў мы выйшлі на новыя рынкі збыту і павялічылі ў фізічным аб'ёме экспарт: мы прадавалі прадукцыю ў 136 краін», — зазначыў намеснік старшыні канцэрна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?