Глеб Гараніч, Reuters.com
«Спадзяемся, што гэта падзея пазітыўна адаб'ецца на ўсім перагаворным працэсе», — заявіў сёння на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, каментуючы па просьбе БелаПАН вызваленне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.
25 мая Саўчанка, прыгавораная ў сакавіку да 22 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў дачыненні да забойства двух расійскіх журналістаў, была вызваленая. Яе абмянялі на двух супрацоўнікаў расійскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Мінабароны РФ.
«Беларусь вітае той факт, што Расійская Федэрацыя і Украіна знялі з парадку дня адно з тых пытанняў, якое на працягу доўгага часу з'яўляўся перашкодай для прадметнага абмеркавання і рэалізацыі мінскіх пагадненняў і прасоўвання па шляху мірнага ўрэгулявання на ўсходзе Украіны», — сказаў Мірончык.
Беларускі бок будзе максімальна спрыяць далейшай працы трохбаковай кантактнай групы і яе рабочых падгруп, забяспечыць усе неабходныя ўмовы для працягу мінскага працэсу, каб «у наш рэгіён як мага хутчэй вярнуўся мір», падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.