Дзяржпагранкамітэт Беларусі ўвядзе электронны пропуск на права наведвання памежнай паласы да канца 2016 года. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій Дзяржпагранкамітэта Сяргей Пацяюк.

«Да канца гэтага года мы плануем запусціць сістэму электронных пропускаў на права наведвання памежнай паласы. Гэты пропуск нават можна будзе не браць з сабой на мяжу: памежнік па пашпарце вызначыць, ці атрымаў грамадзянін дазвол», — сказаў Сяргей Пацяюк.

Ён растлумачыў, што цяпер, каб атрымаць пропуск, неабходна прыехаць у патрэбную памежную часць, падаць пакет дакументаў і напісаць заяву. Потым праз пэўны час трэба вярнуцца і ў выпадку станоўчага адказу забраць дазвол.

Электронны пропуск можна будзе атрымаць на партале Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.

Для гэтага на адмысловай старонцы неабходна будзе стварыць кабінет карыстальніка, ўвесці пашпартныя звесткі і далучыць сабраныя дакументы ў фармаце jpeg. Пасля таго як спецыялісты разгледзяць запыт, карыстачу прыйдзе паведамленне пра гэта з нумарам пропуску. У далейшым пры паездцы ў памежную паласу трэба будзе паказаць электронны пропуск памежнікам ці проста паказаць пашпарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?