Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады, якая будзе вынесена на абмеркаванне на пятым Усебеларускім народным сходзе, перадае БелТА.

«Стратэгічныя мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на сярэднетэрміновую перспектыву і меры па іх рэалізацыі вызначаны. Тое, што мы абяцалі людзям у перадвыбарны перыяд, павінна быць безумоўна выканана. Цяпер трэба намеціць далейшыя практычныя захады, — падкрэсліў беларускі лідар. — У перадвыбарную кампанію мы вызначаліся, што павінны зрабіць. І наша праграма, літаральна праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў, не павінна кардынальна змяніцца, прынамсі, па асноўных стратэгічных момантах».

Лукашэнка адзначыў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады будзе галоўным дакументам для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.

«Хацелася б, каб гэта была новая, больш цікавая форма самога дакумента, каб яна мела жывы характар. Каб гэта праграма, яе паказчыкі, кожны раздзел былі даступныя не толькі спецыялістам, але і людзям, дзеля якіх мы будзем дасягаць мэт, пастаўленых у гэтай праграме», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам, — падкрэсліў ён. — Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба сарыентаваць грамадства. І гэта будзе адкрытая размова ўлады з прадстаўнікамі народа».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Усебеларускі народны сход прыедуць дасведчаныя людзі, якія паказалі сябе ў працы і ведаюць, чым жыве грамадства. «Гэта будуць прадстаўнікі нашага народа. І з іншага боку — улада. Мы адкрыта і сумленна павінны правесці дыскусію, выпрацаваўшы адпаведныя дакументы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Недахопы відавочны, іх хаваць не трэба. Народ іх бачыць. Усё, што добрае, мы нагадаем, што створана не толькі за пяцігодку, але за перыяд навейшай гісторыі. Але галоўнае - гэта выпрацаваць стратэгію на пяцігодку», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?