Кампанія «Інтэррыджынал Энэрджы Кампані ГмбХ» (ФРГ) пабудуе тры сонечныя электрастанцыі і біягазавы комплекс у Касцюковіцкім раёне, паведамілі ў камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама.

Паміж Беларуссю і нямецкай кампаніяй заключаныя дзве інвестыцыйныя дамовы на агульную суму інвестыцый Вr85 млрд. Гэтыя праекты прадугледжваюць у перыяд да 2017 года будаўніцтва трох фотаэлектрычных станцый сумарнай магутнасцю 4,5 МВт (1,5 мегавата кожная) і біягазавага комплексу (у в. Нізькі) для вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі магутнасцю да 1 МВт. Для абслугоўвання гэтых аб'ектаў плануецца стварыць не менш за сем працоўных месцаў.

На рэалізацыю праекта па ўзвядзенні станцый ужо накіравана больш за Вr26 млрд інвестыцый (замежныя крэдыты і пазыкі нерэзідэнтаў Беларусі). Першую станцыю магутнасцю 1,5 МВт плануюць увесці ў строй у ліпені бягучага года. Будаўніцтва біягазавага комплексу знаходзіцца на стадыі праектавання.

«Гэтыя праекты накіраваныя на стварэнне ў раёне крыніц таннай экалагічна чыстай аднаўляльнай энергіі. Увод у эксплуатацыю названых аб'ектаў дасць магчымасць забяспечыць патрэбнасці Касцюковічаў у электраэнергіі і часткова ў цеплавой энергіі. Лішкі электраэнергіі плануецца прадаваць у агульную энергасетку краіны», — растлумачылі ў камітэце эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?