12 мая амерыканскаму адвакату Эмануілу Зельцэру і яго сакратару расіянцы Уладлене Функ прадоўжаны тэрмін утрымання пад вартай.

Інфармацыю аб прыняцці такога рашэння БелаПАН пацвердзіў адвакат арыштаванага Дзмітрый Гарачка. Ён адмовіўся канкрэтызаваць тэрмін, на які прадоўжана следства, спаслаўшыся на тое, што справа мае статус дзяржаўнай тайны.

Як БелаПАН паведамляў раней, Зельцэр і Функ былі затрыманы два месяцы таму, 12 сакавіка, пасля прылёту ў Мінск. Ім інкрымінуецца выкарыстанне заведама падложных дакументаў групай асоб.

Консулу ЗША была прадастаўлена магчымасць наведаць Э.Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ, дзе ён утрымліваецца, 27 сакавіка і 25 красавіка. Пасля другога візіту дыпламат паведаміў аб пагаршэнні здароўя Зельцэра — ён вельмі схуднеў, з цяжкасцю ходзіць і размаўляе. У паведамленні пасольства было ўказана, што ў дачыненні да арыштаванага прымянялася сіла. Дзярждэпартамент ЗША заклікаў беларускія ўлады вызваліць Зельцэра з прычыны яго дрэннага самаадчування «з меркаванняў гуманнасці».

Арганізацыя «Міжнародная амністыя» пачала кампанію ў падтрымку Э.Зельцэра. Яна заклікала беларускі ўрад правесці незалежнае расследаванне фактаў фізічнага насілля над арыштаваным і дазволіць яму рэгулярныя сустрэчы з консулам ЗША, адвакатам і ўрачом.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0