Памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды лічыць, што як дзяржаве, так і насельніцтву варта прытрымлівацца фінансавай дыеты. Такое меркаванне ён выказаў у час прэзентацыі англамоўнага выдання сваёй кнігі «Фінансавая дыета».

Ён адзначыў, што насельніцтва, нягледзячы на зніжэнне даходаў, спрабуе падтрымліваць ранейшае жыццё за кошт назапашаных раней зберажэнняў.

«Мы зараз назіраем, што людзі адклікаюць дэпазіты, спрабуюць жыць як раней Аднак сёння надыходзіць іншая рэальнасць — мы павінны змяняць свой лад жыцця. Дыета — гэта іншы лад жыцця», — сказаў Руды.

На яго думку, фінансавай дыеты варта прытрымлівацца і на дзяржаўным узроўні: «Мы можам напоўніць эканоміку грашыма, атрымаць кароткатэрміновы эфект, але неабходна думаць аб доўгатэрміновай перспектыве Калі не будзем думаць пра будучыню, сутыкнемся з дэфіцытам гандлёвага балансу. Ідэя фінансавай дыеты — давайце траціць менш, каб грошы заставаліся нашым будучым пакаленням, нашым дзецям».

Як лічыць Руды, абмежаванне аб'ёмаў дзяржпадтрымкі будзе матываваць прадпрыемствы самастойна шукаць фінансы, у тым ліку займацца прыцягненнем замежных інвестыцый.

«Калі мы будзем прытрымлівацца фінансавай дыеты, скарачаючы ўласныя выдаткі, то зможам запоўніць месца, якое ўтварылася, замежнымі інвестыцыямі. Развіццё інвестыцыйнай палітыкі — адзін з наступных этапаў беларускай эканомікі», — сказаў Руды.

Ён падкрэсліў, што працэс прыцягнення замежных інвестыцый патрабуе карпатлівай працы па розных накірунках. «Мы сёння бачым, што падатковыя льготы, устаноўленыя ў Беларусі для бізнесу, не прыводзяць да ўзнікнення чаргі інвестараў. Прыцягненне замежных інвестыцый — вельмі складаная задача», — адзначыў аўтар.

Ён выказаў надзею, што кніга «Фінансавая дыета», перакладзеная на англійскую мову, дазволіць патэнцыяльным інвестарам лепш пазнаёміцца з беларускай эканомікай. «Гэтая кніга — пасланне інвестарам, яна дазволіць атрымаць альтэрнатыўны погляд на беларускую рэчаіснасць», — сказаў Руды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?