Роўныя эканамічныя ўмовы і безбар'ернае асяроддзе ў ЕАЭС да гэтага часу не створаныя, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 мая ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе.

«Больш за тое — пасля падпісання дагавора аб ЕАЭС унутраны гандлёвы абарот саюза толькі падае. У 2012 і 2013 гадах ён быў на ўзроўні 65 мільярдаў долараў, у 2015 годзе — усяго 45 мільярдаў. Мабыць, не ўсе пазіцыі дагавора адпавядаюць сучаснай сітуацыі ў эканоміцы і нашым чаканням».

«Варта пазбавіцца ад унутраных выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Як бы наша аб'яднанне ні эвалюцыянавала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Еўразійскі эканамічны саюз), колькасць гэтых выключэнняў і абмежаванняў не змянілася. Так і засталося на ўзроўні шасці сотняў», — адзначыў беларускі кіраўнік.

Не рэалізаванай, паводле яго слоў, пакуль застаецца і ініцыятыва аб выпрацоўцы механізма функцыянавання ЕАЭС ва ўмовах прымянення адной з дзяржаў — членаў саюза аднабаковых мер аховы рынку ў дачыненні да трэціх краін.

Лукашэнка нагадаў, што ў верасні мінулага года на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета бакі вызначылі параметры ўзгодненых мер па падтрымцы нацыянальных вытворцаў і акрэслілі арыенціры супрацоўніцтва ў развіцці экспарту прамысловай прадукцыі. «Зараз неабходна актыўна пачынаць практычную рэалізацыю пастаўленых намі ж задач», — заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, адзначыў ён, у ЕАЭС зробленыя першыя крокі па інтэграцыі ў энергетычнай сферы — выпрацаваная і зацверджаная канцэпцыя фарміравання агульнага рынку электраэнергіі, а на цяперашнім пасяджэнні будуць разгледжаныя аналагічныя планы па газе, нафце і нафтапрадуктах. «Але ад канцэпцый да іх увасаблення ў жыццё шлях часам бывае вельмі доўгім, — дадаў Лукашэнка. — І прычынай гэтаму мы з'яўляемся самі. Таму Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна ўзмацніць працу ў гэтым кірунку і прыняць вычарпальныя меры для рэалізацыі гэтых праектаў».

Даўно, паводле слоў Лукашэнкі, абмяркоўваецца і пытанне аб стварэнні адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. «Аднак і тут далей размоў справа не пайшла», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?