Басіст і аўтар тэкстаў магілёўскага гурта Akute Раман Жыгараў падае заяву на атрыманне сертыфікату творчага работніка Беларусі. 30 мая музыку выклікаюць на сумоўе ў Міністэрства культуры. Сустрэла Рому камісія з «чалавек дзесяці», якія адразу праслухалі даклад сакратара пра гурт Akute і ўласна яго басіста.

«Але гэтую інфармацыю я падаваў сам, даслаў яе поштай разам з заявай,— узгадвае Раман. — Пасля гэтага сакратарка дала слова мне. Але я ўжо, шчыра кажучы, не ведаў што дадаць, бо ў мяне ўсё было ў тых дакументах напісана. Таму мы пачалі слухаць музыку. Узначальвала ўсю гэтую камісію спадарыня Дрыга (намесніца міністра культуры РБ), якая да ўсяго ставілася даволі пазітыўна. Мы паслухалі некалькі выпадковых песень, пасля чаго мне пачалі задаваць пытанні».

Апроч агульных удакладняючых пытанняў, камісія цікавіцца, чаму Akute называе сябе незалежным гуртом. А потым шмат абмяркоўвае пададзеную разам з дакументамі рэцэнзію Таццяны Заміроўскай на адзін з альбомаў.

«Яны зачапіліся за такія трапныя выразы Тані, кшталту «сухотная лірыка», — з усмешкай распавядае Рома. — І давай цытаваць нараспеў: адзін цытуе, другі нібы не чуў — зноў цытуе тое ж самае… Іх вельмі ўразіла, што музычны крытык можа карыстацца такімі словазлучэннямі. Але я б не сказаў, што яны гэта рабілі неяк зласліва. Я сказаў, што не дыктую крытыкам, што пра мяне пісаць. Дарэчы, спадарыня Дрыга, мне нават падалося, неяк абараняла мяне».

Выпадкова разам з Раманам статус творчай асобы спрабаваў атрымаць і Андрусь Такінданг, але ў Міністэрства культуры ён прыйшоў не з запісамі гурта «Рэха» ці «Гаротніца», а са сваімі карцінамі.

«Я перад пачаткам размовы расставіў у зале некалькі сваіх карцін і выйшаў, — узгадвае Андрусь. — Там камісія нешта абмяркоўвала, а пасля паклікала мяне. Для ўдакладнення, бо ў іх былі ўсе дакументы, яны спыталіся пра маю адукацыю, дзе выстаўляўся, запыталіся, чаму знікла праграма на АНТ, запыталі, над чым цяпер працую… Ну і я з імі гаварыў па-беларуску, і яны са мной таксама па-беларуску, што мяне вельмі парадавала».

Вынікі паходу Андруся і Рамана будуць вядомыя праз пяць дзён. Сертыфікат творчага работніка Беларусі дазволіць хлопцам не быць «дармаедамі» і не плаціць нядаўна ўведзены падатак. Але абодва яны не перакананыя, што статус дакладна будзе атрыманы.

«Я ж пісаў заяву, што я выканаўца і сааўтар музыкі, таму ў іх былі пытанні і па партытурах. Таму, калі хто збярэцца падаваць туды нешта па нотах, то глядзіце ўважліва, — раіць басіст Akute іншым музыкам. — Калі вы іх падаяце, то іх трэба ведаць. У мяне былі пытанні, не ўсё так гладка атрымалася. Я пісаў партытуры сам, але з дапамогай камп’ютарнай праграмы, бо ўжо дакладна не памятаю сальфеджыа, яно ў мяне было гадоў з 15 таму».

Раней сертыфікат творчага работніка Беларусі атрымалі салісткі гуртоў Aura Юлія Быкава і Napoli Вольга Шыманская. А вось мастаку Вячаславу Кліменку ў такім статусе адмовілі праз адсутнасць прафесійнай адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?