Улады астраўной дзяржавы Науру, што ў Ціхім акіяне, дамагліся прыняцця чарговага буйнога пакета паправак у крымінальнае заканадаўства краіны, выключыўшы са спісу крымінальна каральныя дзеянні, у прыватнасці, гомасэксуальныя адносіны і самагубства.

Акрамя таго, папраўкі ў заканадаўства адмяняюць рабства, фармальна дазволенае ў краіне да гэтага моманту, забараняюць маці забіваць сваіх нованароджаных дзяцей і пашыраюць паняцці згвалтавання на выпадкі сэксуальнага гвалту, зафіксаваныя ў шлюбе.

Гэта найбуйнейшыя змены ў крымінальным заканадаўстве Науру з моманту прыняцця папярэдняй версіі крымінальнага кодэксу краіны ў канцы 19-га стагоддзя. Аднак аборты ў Науру застаюцца супрацьзаконнымі.

Многія міжнародныя арганізацыі віталі гэтае рашэнне, адзначыўшы, што Науру падае добры прыклад Ціхаакіянскім дзяржавам, адстойваючы прынцыпы гендарнай роўнасці і правы сэксуальных меншасцяў.

У той жа час праваабаронцы ўсё роўна называюць рэформу крымінальнага заканадаўства Науру недастаткова маштабнай. На іх думку, апошнія змены ў заканадаўстве практычна ніяк не палягчаюць становішча сотняў бежанцаў — самых няшчасных жыхароў выспы.

Пры гэтым фактычна ўлады вырашылі адмяніць пакаранні за самазабойства менавіта пасля таго, як скончыць з сабой паспрабавалі некалькі бежанцаў, якія прыбываюць на востраў у рамках пагаднення аб прыёме бежанцаў, заключанага ўладамі краіны з Аўстраліяй.

Науру — астраўная дзяржава ў Ціхім акіяне. Яе плошча складае 21 квадратны кіламетр, а насельніцтва - каля 10 тысяч чалавек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?