Суд Ленінскага раёна Магілёва вярнуў справу затрыманага 30 мая актывіста Валадара Цурпанава на дапрацоўку ў міліцыю.

Цурпанаў быў затрыманы ў будынку абласной пракуратуры. Ён прыйшоў у пракуратуру, каб перадаць заяву «па пытанні, якое яго хвалявала». Аднак там да яго з'явіліся прэтэнзіі «з-за адмовы выканаць патрабаванні супрацоўніка міліцыі аб пасведчанні яго асобы», нягледзячы на тое што актывіст прад'явіў свой пашпарт. Супрацоўнікі праваахоўных органаў абвінавацілі яго ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню міліцыянера — прадстаўніка дэпартамента аховы МУС. Актывіста даставілі ў міліцыю, а на 31 мая быў запланаваны суд над ім.

У калідоры Ленінскага суда Магілёва, куды каля 17.00 быў дастаўлены Цурпанаў, супрацоўнікі міліцыі спрабавалі забараніць журналістам вядзенне аўдыёзапісу. Пры гэтым яны спасылаліся на нейкую ўнутраную інструкцыю, якая, паводле іх сцвярджэння, стаіць вышэй за закон, у прыватнасці, 271 артыкул Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.

Чакаючы судовы працэс, Цурпанаў паведаміў, што ў дачыненні да яго было прыменена катаванне голадам, бо ён знаходзіўся пад вартай з 12.40 учарашняга дня і з таго часу яму не было дадзена харчаванне. Больш за тое, знаходзячыся ў памяшканні для затрыманых у будынку Ленінскага РАУС, супрацоўнік міліцыі Церашковіч дэманстратыўна на вачах у Цурпанава пачала піць каву, заявіўшы «вам не прапаноўваю». Ён расцаніў такія паводзіны міліцыянера як здзек.

Паводле слоў Цурпанава, ён не быў вывезены ў ІЧУ. Ноч правёў ён у Ленінскім РАУС, у памяшканні 2 на 1,5 метра, дзе быў адзін ляжак на чацвярых затрыманых. Такое стаўленне да людзей з боку супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, якiя не могуць забяспечыць нармальныя ўмовы ўтрымання затрыманых, таксама расцэненыя актывістам як катаванні.

Пасля разгляду суддзёй Вольгай Бекушавай спраў іншых адміністрацыйна затрыманых Цурпанаву, які знаходзіўся ў калідоры, была вынесена пастанова аб накіраванні яго справы на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС Магілёва. Супрацоўнікі міліцыі адразу ж вызвалілі актывіста з-пад варты.

Інфармацыя пра месцазнаходжанне Цурпанава на працягу сённяшняга дня адсутнічала або была супярэчлівай. Яго жонцы Ірыне як у Ленінскім РАУС, так і ў ІЧУ паведамлялі, што ў іх няма актывіста.

Як заявіў журналістам Цурпанаў, ён мае намер абскардзіць ўсе дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія, на яго думку, парушылі яго правы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?