Традыцыйныя «Джазавыя суботы з «Банкам БелВЭБ» адкрыюцца 11 чэрвеня на сталічнай плошчы Свабоды ў Верхнім горадзе.

Джазавы вечар 6.06.2015

Акрамя беларускіх музыкантаў на працягу трох чэрвеньскіх вечароў перад мінскай публікай выступяць зоркі сусветнага джазу з Германіі, Італіі, Польшчы, Румыніі, ЗША і Францыі, паведаміла 1 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар міжнароднага фонду «Ідэя» Наталля Куцан.

Як адзначыў дырэктар канцэртнага агенцтва «Эквілібрыум Артс» Захар Дудзінскі, мэта і адметная рыса фестывалю — наблізіць джаз да людзей.

11 чэрвеня на плошчы Свабоды выступіць амерыканскі вакаліст, якога называюць найяскравейшым адкрыццём джазавай Амерыкі, Сачал Васандані. Далей на сцэну выйдуць польскія музыкі — Мечыслаў Шчэсняк і трыа выбітнага піяніста Кшыштафа Хердына. Завершаць вечар мэтры беларускага джазу група Apple Tea.

Джаз-банд Аркестра ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еўропе адкрые другую джазавую суботу 18 чэрвеня. У гэты вечар таксама выступяць брытанскі музыкант Іэн Шоу, які двойчы атрымаў BBC Jazz Awards за лепшы вакал, і таленавітае беларускае трыа Канстанціна Гарачага. Пры канцы запланаваны выступ франка-нямецкага дуэта піяніста Бажана Зі і трамбаніста Нільса Вограна.

Вечар 25 чэрвеня пачне румынская зорка Алена Міндру. Далей на сцэне выступяць 13 музыкаў джазавага аркестра Veneto з Італіі і трыа Анатоля Тарана, чатырохразовага ўладальніка гран-прэміі прэзідэнта Беларусі.

На пытанне журналістаў, колькі каштуе арганізаваць такі фестываль, намеснік старшыні праўлення ААТ «Банк БелВЭБ» Алег Прохарчык адзначыў: «Пэўную суму назваць цяжка, бо на працягу ўсяго часу падрыхтоўкі да фестывалю пастаянна вядуцца перамовы і ўзгадненні. Скажу адно — вельмі дорага. Гэта арэнда пляцоўкі, музычнага абсталявання, арганізацыя аховы і гэтак далей, не кажучы ўжо пра ганарары запрошаных зорак. Аднак, калі кожны робіць свой унёсак, становіцца трохі танней, многія даюць скідкі, ідуць на саступкі».

Сёлета арганізатары абяцаюць акрамя спецыяльна адведзеных месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і велапарковак арганізаваць «чароўную хатку», дзе будуць рыхтавацца малочныя фруктовыя кактэйлі, а маладыя бацькі змогуць скарыстацца спавівальным столікам. Таксама падчас фестывалю на плошчы Свабоды будзе працаваць кулінарны блок Vulitsa.Ezha.

Што тычыцца мер бяспекі, паводле слоў Куцан, у адрозненне ад мінулага года, калі іх ўзмацненне было прадыктаванае візітам у Беларусь мітрапаліта Кірыла, зараз ахова будзе арганізаваная «ў штатным рэжыме».

Акрамя таго, аўкцыён дабрачынных сустрэч «МаеСэнс» абвясціў пра ўнікальную магчымасць асабіста пазнаёміцца і прабавіць час з зоркамі сусветнага джазу. Разыгрываюцца сустрэчы з Іэнам Шоу, Сачалам Васандані і Аленай Міндру. Стаўкі можна зрабіць на сайце maesens.by. Атрыманыя сродкі будуць накіраваныя на падтрымку ініцыятывы дапамогі невылечна хворым дзецям «Галоўнае жаданне», у прыватнасці на куплю апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх для дзяўчынкі з Гродна.

Арганізатары канцэртаў — міжнародны сацыяльна-эканамічны фонд «Ідэя» пры падтрымцы Мінгарвыканкама. Генеральны партнёр праекта — ААТ «Банк БелВЭБ».

Пачатак усіх вечароў у 20.00. Уваход бясплатны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?