Генеральны дырэктар «Гаррамаўтадара» адказаў на зварот блогера Антона Матолькі аб мэтазгоднасці ўборкі пр. Незалежнасці ў час правядзення акцыі апазіцыі 14 мая гэтага года.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

У гадавіну рэферэндуму 1995 года некалькі дзясяткаў актывістаў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, дзе правялі акцыю «Праспект нацыянальнага сцяга». У гэты час кіраўніцтва «Гаррамаўтадара» вырашыла правесці ўборку праспекта ў раёне, прылеглым да месца правядзення акцыі. Супрацоўнікі УДАІ ГУУС абмежавалі рух транспарту.

Блогер Антон Матолька адправіў зварот у КДК, у якім выказаў асцярогу аб «неэфектыўным выкарыстанні бюджэтных сродкаў».

«Хацелася ўдакладніць мэтазгоднасць масавай уборкі праспекта Незалежнасці з дапамогай не менш за 8 палівальных машын на ўчастку ад перасячэння з вул. Янкі Купалы да перасячэння з вул. Леніна. Для гэтай «уборкі» быў перакрыты праспект з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ», — напісаў Антон.

Таксама ён папрасіў назваць кошт уборкі, колькі было выдаткавана літраў паліва, колькі чалавек было задзейнічана.

КДК перанакіраваў ліст у ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама». На яго адказаў гендырэктар Дзяніс Глінскі.

У адказе ён пацвердзіў правядзенне работ, але звязаў іх з апрабацыяй «упершыню ўсталяванага на палівамыйныя машыны абсталявання для рэечнай высоканапорнай мыйкі пакрыццяў праезнай часткі», што, зыходзячы з адказу, з'яўляецца новай тэхналогіяй для нашай краіны.

Кіраўнік «Гаррамаўтадара» удакладніў, што ў дзень правядзення акцыі апазіцыі «рабілася адладка, налада і рэгуляванне абсталявання, выконваўся падбор і былі вызначаныя найбольш эфектыўныя вуглы скіравання струменяў вады, адлегласць ад рэйкі да пакрыцця, налада працы помпаў, клапанаў і размеркавальнікаў патокаў вады».

Антону таксама было прапанавана ў выпадку нязгоды з адказам абскардзіць яго ў судовым парадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?