У Беларусі штогод выдаляюць больш за 100 тысяч зялёных насаджэнняў. Гэта адмоўна адбіваецца на экалагічнай сітуацыі ў краіне. Такую інфармацыю падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА агучыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўтуха.

Паводле яго слоў, да гэтага ў тым ліку прыводзіць адсутнасць адміністрацыйнай адказнасці службовых асоб за парушэнне парадку выдачы дазволу на выдаленне аб'ектаў расліннага свету.

Па выніках праверак уздоўж аўтамабільных дарог зафіксаваныя выпадкі, калі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы дазвалялі выдаленне насаджэнняў без прадугледжаных законам заключэнняў і ўзгадненняў.

У сувязі з гэтым Мінпрыроды ўнесла прапановы ў праект Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях».

Нагадаем, у 2015 годзе ў Беларусі зрабілі больш жорсткай адміністрацыйную адказнасць за парушэнні патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства. Гэта ў тым ліку прывяло да зніжэння колькасці парушэнняў ў 2016 годзе.

Па выніках кантрольных мерапрыемстваў за чатыры месяцы 2016 года органы Мінпрыроды прыцягнулі да адказнасці больш за 4,5 тысячы чалавек на суму каля 7,5 млрд рублёў. Для параўнання, за аналагічны перыяд мінулага года — больш за 5,5 тысячы асоб на суму больш за 6,5 млрд рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0