Нізкабюджэтны расійскі авіяперавозчык «Победа» адмовіўся ад допускаў па 10 міжнародных кірунках, у тым ліку ў Мінск і Гомель. Гэта вынікае з загаду, размешчанага на сайце Расавіяцыі. Адмова ад допуску ў Мінск звязана з тым, што кампанія нібыта не змагла атрымаць ад беларускіх авіяўладаў права на рэгулярныя рэйсы.

У адпаведнасці з дакументам Расавіяцыя адклікала ў кампаніі допускі з Масквы ў Мінск (14 разоў на тыдзень) і Гомель (7 разоў на тыдзень). Таксама адкліканы допуск палётаў з Масквы ў Кіеў, Адэсу, Харкаў, Днепрапятроўск, Падгорыцу, Дрэздэн, а таксама з Санкт-Пецярбурга ў Кіеў і Адэсу.

Як паведамляе ТАСС, адмова ад допуску ў Мінск нібыта звязана з тым, што лаўкостар не змог атрымаць ад беларускіх авіяўладаў права на рэгулярныя рэйсы. У 2015 годзе «Победа» запрасіла допуск на выкананне 14 штотыднёвых рэйсаў з Масквы ў Мінск. Пры гэтым палёты лаўкостараў так і не пачаліся з-за таго, што кампанія не ўзгадніла тарыфы на перавозку пасажыраў з «Белавія». Узгадненне пасажырскіх тарыфаў — адна з умоў для атрымання акрэдытацыі ад авіяўладаў Беларусі, якое неабходна атрымаць для палётаў у краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?