За галоўную ўзнагароду — Залатую пальмавую галіну, пазмагаюцца 22 кінастужкі. Упершыню ў гісторыі фэсту свае павільёны адчыняць Украіна і Расея.

61‑ы Канскі кінафэстываль пройдзе з 14 па 25 траўня.

Распачне сьвята кіно містычны трымценьнік бразыльца Фэрнанду Мэйрэлеша «Сьлепата» з Джуліянай Мур у галоўнай ролі. А закрые кінафорум новая стужка Бары Левінсана паводле мэмуараў Арта Лінсана «То што ж здарылася?» з удзелам Робэрта дэ Ніра і Бруса Ўіліса.

Крытыкі мяркуюць, што адным з галоўных прэтэндэнтаў на Залатую пальмавую галіну зьяўляецца рэжысэр Клінт Іствуд, аўтар фільма «Падмена», галоўную ролю ў якім згуляла Анджаліна Джолі.

Галоўнай падзеяй пазаконкурснай праграмы стане прэм’ера новага фільма Стывэна Сьпілбэрга «Індыяна Джонс і Каралеўства крышталёвага чэрапа» — чацьвертая частка сэрыяла пра прыгоды археоляга.

Старшынём сёлетняга журы будзе вядомы амэрыканскі актор і рэжысэр Шон Пэн. Галоўную ўзнагароду ўручыць актор Робэрт дэ Ніра.

Упершыню ў гісторыі фэсту свае павільёны адчыняць Украіна і Расея. Акрамя таго гэтыя краіны прадставяць свае фільмы — украінскія кінатворцы прадэманструюць шэсьць кароткамэтражных фільмаў, расейскія рэжысэры — тры паўнафарматныя мастацкія стужкі і адну дакумэнтальную.

У мінулым годзе Залатую пальмавую галіну Канскага кінафэстывалю атрымала стужка «4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні» румынскага рэжысэра Крысьціяна Мунджу.

Кінафэстываль у Канах (Францыя) упершыню быў праведзены ў 1946 годзе з 20 верасьня па 5 кастрычніка. З таго часу ён ладзіцца штогод ў траўні. Адносіцца да найвышэйшай катэгорыі А. Дзякуючы таму, што паказы фэстывальных стужак закрытыя для простай публікі, карыстаецца шалёнай папулярнасьцю сярод кіназорак.

Паводле korrespondent.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0