1 ліпеня 2016 года ў Беларусі адбудзецца трэцяя па ліку дэнамінацыя. Першыя дзве асабліва не дапамаглі беларускаму рублю: колькасць нулёў на цэнах і банкнотах шакуе замежнікаў і выклікае недавер да нацыянальнай валюты ў саміх беларусаў. Дэнамінацыя гэта перадусім тэхнічны працэс, але ці змогуць беларускія ўлады зрабіць правільныя высновы з мінулага досведу? У якіх краінах дэнамінацыя разам з разумнай манетарнай палітыкай дазволілі спыніць гіперінфляцыю, збалансаваць бюджэт, спрасціць разлікі і вярнуць давер на нацыянальнай валюты? «Наша Ніва» склала спіс краін, якія таксама перажылі дэнамінацыю і чый досвед грашова-крэдытнай палітыкі можа быць прыкладам для Беларусі. 

Грузія

На пачатку дзевяностых валютай у Грузіі быў купон. Купон прыйшоў на змену савецкаму рублю па курсе 1 да 1. Эканамічная нестабільнасць і ваенныя дзеянні выклікалі ў краіне гіперінфляцыю, якая ў 1992 годзе дасягнула 700%. Паўнавартаснай валютай купон цяжка назваць: банкноты амаль не мелі абароны ад падробак і ў некаторых быў даволі дзіўны намінал (30 000, 150 000 купонаў). Самы вялікі намінал быў у банкноты 1 000 000 купонаў.

У 1995 годзе ўрад Эдуарда Шэварнадзэ вырашыў пакласці канец гіперінфляцыі і нестабільнасці на валютным рынку. 2 кастрычніка 1995 года грузінскі купон быў заменены на новую валюту лары ў прапорцыі 1 да 1 000 000. Акрамя банкнот, з’явіліся і манеты (тэтры). Можна з упэўненасцю адзначыць, што грузінская валюта была самай стабільнай валютай з усіх на прасторы былога СССР. За апошнія 20 гадоў курс лары быў адносна трывалы і вагаўся ў інтэрвале ад 1,3 да 2,5 лары за даляр ЗША. Стабільны лары крыху губляў сваю моц толькі падчас дэфолту 1998 года ў Расеі і расейска-грузінскай вайны, але ў выніку ўсё роўна вяртаў згубленыя пазіцыі. На дадзены момант за 1 даляр ЗША даюць 2 лары 15 тэтры.

50 тэтры.

50 тэтры.

50 лары.

50 лары.

Польшча

Пасля падзення сацыялізму ў канцы 80-ых у Польшчы пачаліся рынкавыя пераўтварэнні. На першым этапе гэта выклікала шалёную інфляцыю. Калі ў 1988 годзе самая вялікая купюра была з наміналам 10 000 злотых, то ў 1992 годзе польскі Нацбанк увёў у абарот самую вялікую банкноту на 2 000 000 злотых. Фармальна манеты і дробныя банкноты з’яўляліся законным сродкам аплаты, але фактычна яны выйшлі з ужытку.

Дэнамінацыя адбылася ў 1995 годзе. За 10 000 старых злотых давалі 1 новы (маштаб як у Беларусі). Цікава, што і цэны на той момант у Польшчы ў старых злотых былі суадноснымі з цяперашнімі цэнамі ў Беларусі ў рублях. Перад дэнамінацыяй кілаграм шынкі ў Польшчы каштаваў прыкладна 128 000 злотых, шклянка гарэлкі – 71 000 злотых, а дзясятак яек – 22 000 злотых.

У першыя гады пасля дэнамінацыі злоты працягваў абясцэньвацца. Калі ў 1995 годзе за даляр давалі каля 2,4 злотага, то ў кастрычніку 2000 года злоты дасягнуў дна. Курс амерыканскай валюты дасягаў 4,71 злотага, але потым злоты ўзмацніўся. Зараз даляр каштуе каля 4 польскіх злотых, але эксперты мяркуюць, што курс злотага заніжаны і гэтая валюта ў бліжэйшыя гады будзе толькі ўзмацняцца.

Украіна

Нягледзячы на цяперашні эканамічны крызіс ва Украіне, доўгі час украінская валюта была даволі стабільная. Амаль 9 гадоў грыўня захоўвала нязменны курс. З 1996 года грыўня ўзмацнілася да нашага рубля прыкладна ў 80 разоў. Калі ў 1996 годзе за адну грыўню давалі каля 10 рублёў (з улікам дэнамінацыі 2000 года), то цяпер амаль 800 рублёў. У адносінах да даляра грыўня падала толькі ў часы крызісаў (дэфолт 1998 года ў Расеі, сусветны эканамічны крызіс 2008 года, Еўрамайдан і расейска-ўкраінскі канфлікт).

Да ўвода грыўні ў 1996 годзе валютай Украіны быў карбованец. Як і ў Беларусі, ва Украіне панавала гіперінфляцыя. Самы вялікі намінал банкноты – 1 000 000 карбованцаў. Мінулы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма апісваў гэтую сітуацыю наступным чынам: «Калі б мне хто-небудзь сказаў, што будзе праз 2 гады! Нашыя грошы будуць валяцца на вуліцы як смецце і абясцэньвацца з кожнай хвілінай!»

Падчас дэнамінацыі 1996 года ва Украіне карбованцы мянялі на новыя грыўні па курсу 100 000 да 1. Нягледзячы на тое, што грыўня страціла ў сваёй вартасці (у першую чаргу праз ваенныя дзеянні на ўсходзе Украіны), доўгі час грыўня была адносна трывалай і стабільнай валютай.

Венгрыя

Але самая фантастычная дэнамінацыя была ў Венгрыі. Яна адбылася ў 1946 годзе. Валюту пенгё замяняла новая – форынт. Каэфіцыент абмену быў… 4·1029 (400 акцільёнаў) пенгё за 1 новы форынт.

Адразу пасля вайны ўрад страціў кантроль над інфляцыяй, якая дасягала 400% за суткі. Колькасць нулёў стала такой вялікай, што для зручнасці разлікаў увялі тэрмін білпенгё (трыльён пенгё). Самая вялікая па наміналу банкнота (за ўсю гісторыю) была з наміналам у 1 мільярд білпенгё (то бок 1021 альбо секстыльён пенгё).

Пасля дэнамінацыі 1946 года ў Венгрыі з’явіўся форынт, які выкарыстоўваецца і да гэтага часу. У пачатку 90-ых форынт страціў у сваёй вартасці, але рынкавыя рэформы дапамаглі стабілізаваць яго курс. Сёння форынт – стабільная і свабодна канвертуемая валюта.

* * *

Ці зможа беларускі рубель паўтарыць паспяховы досвед лары ці форынта? Пытанне пакуль адкрытае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?