Учора Святы Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне настаяць на тым, каб Вялікі і Святы Сабор Праваслаўнай Царквы быў перанесены на больш позні тэрмін.

Нагадаю: яшчэ ў сакавіку 2014 года на сінаксісе прадстаяльнікаў памесных Цэркваў было вырашана, што Сабор адбудзецца ў 2016 г., калі не здарыцца што-небудзь непрадбачанае. Прадугледжвалася, што саборныя нарады будуць праводзіцца ў храме святой Ірыны ў Канстанцінопалі. Тады ж пачалася актыўная падрыхтоўка праектаў дакументаў Сабору.

Усеправаслаўны Сабор рыхтавалі больш за 50 гадоў. І калі нарэшце прадстаяльнікі памесных цэркваў кансэнсусам прынялі рашэнне аб яго правядзенні ў 2016 г., адны ўздыхнулі з палёгкай (нарэшце праваслаўныя здолелі дамовіцца), а другія скептычна пасміхаліся (яшчэ паглядзім, як яно будзе).

Для скептыцызму былі падставы.

Па-першае, у сінаксісе, які праходзіў у сакавіку 2014-га на Фанары, бралі ўдзел не ўсе памесныя Цэрквы: адсутнічалі прадстаўнікі «дачок» Маскоўскага Патрыярхату – Праваслаўнай Царквы Чэшскіх Земляў і Славакіі ды Праваслаўнай Царквы ў Амерыцы. Прадстаяльніка першай з іх Усяленскі Патрыярх Варфаламей лічыў не зусім кананічным. Што ж тычыцца Царквы ў Амерыцы, дык яе аўтакефалія не прызнаецца Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай, Ерусалімскай, Кіпрскай, Эладскай, Румынскай і Албанскай Цэрквамі.

Па-другое, на сінаксіс не прыехаў Патрыярх Антыяхійскі і ўсяго Усходу Ян Х, бо ў Антыяхійскай Царквы канфлікт з Царквою Ерусалімскаю.

Па-трэцяе (і гэта, бадай, галоўнае), правядзенне Усеправаслаўнага Сабору не зусім адпавядала інтарэсам Маскоўскай Царквы, бо тое, што называецца Праваслаўнаю Царквою, набывала б больш-менш канкрэтныя абрысы. У сувязі з гэтым узрастала б роля Усяленскага Патрыярха як першага сярод роўных. Але мы ведаем, хто хоча быць самым роўным сярод роўных. І мы не раз чулі засцярогі з Данілава манастыра, што ў Праваслаўі можа з’явіцца свой Папа. Папа ў Праваслаўі насамрэч ёсць (такім тытулам здаўна надзелены Патрыярх Александрыйскі), але Масква мае на ўвазе біскупа Старога Рыма з яго ўладаю і непамыльнасцю ў пытаннях веры і маралі, калі ён вучыць з кафедры. Не трэба забываць, што ў 1948 г. сталінскі рэжым арганізаваў быў у Маскве Усеправаслаўную нараду, мэтай якой было надаць Маскоўскай Патрыярхіі тытул Усяленскай. Гэты намер не быў ажыццёўлены дзякуючы цвёрдай пазіцыі Канстанцінопальскай і Эладскай Цэркваў.

Рашэнне аб скліканні Вялікага і Святога Сабору было прынята, ішла актыўная падрыхтоўка яго. Але неўзабаве ўзнікла першая непрадбачаная перашкода: Расія распачала збройную авантуру ў Сірыі і дазволіла сабе не зважаць на дзяржаўныя межы Турцыі. Туркі збілі расійскі самалёт. У прадстаяльніка Маскоўскай Царквы з’явілася прычына не ехаць на Сабор у Стамбул. Усяленскі Патрыярх Варфаламей склікаў нараду прадстаяльнікаў памесных Цэркваў і іх прадстаўнікоў. Нарада прайшла ў студзені 2016 г. у Шамбезі пад Жэневай. Было вырашана, што Сабор адбудзецца 16–26 чэрвеня на Крыце (гэты эладскі востраў знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскай Патрыярхіі). Удзельнікі нарады вызначылі тэмы (парадак дня) Сабору, яго рэгламент, зацвердзілі праекты дакументаў.

Дзеля таго, каб на Саборы Праваслаўе было прадстаўлена больш поўна, Фанар урэгуляваў адносіны з Царквою Чэшскіх Земляў і Славакіі.

Ведама, у розных Цэрквах знайшліся праваслаўныя, больш праваслаўныя за сваіх прадстаяльнікаў і вучоных багасловаў. Яны выступалі з пярэчаннямі па праектах асобных дакументаў Сабору, па асобных пунктах гэтых праектаў. Але ніхто не думаў, што супраць Сабору выступіць Балгарская Праваслаўная Царква. Тым больш што Патрыярх Балгарскі Неафіт браў удзел і ў сінаксісе 2014 г., і ў студзеньскай нарадзе 2016 г.

Сапраўдныя прычыны рашэння Балгарскай Праваслаўнай Царквы з часам будуць вядомыя. З таго, што мы чытаем цяпер, вынікае: Патрыярх Неафіт не ведаў, за што галасаваў, бо на Саборы, маўляў, будуць абмяркоўвацца не асабліва важныя для Праваслаўя пытанні, а ўзгодненыя праекты дакументаў нельга будзе на ім дасканаліць.

Гэта, так сказаць, дзве галоўныя прычыны рашэння БПЦ (не блытаць з Беларускім Экзархатам РПЦ, які таксама называе сябе БПЦ) настойваць на адтэрміноўцы Сабору. А яшчэ пярэчанне балгарскага Сіноду выклікае прапанаванае размяшчэнне прадстаяльнікаў памесных Цэркваў у зале, дзе будзе праводзіцца Сабор (такое размяшчэнне, маўляў, парушае прынцып роўнасці прадстаяльнікаў). Пярэчанне выклікае і неадпаведнае размяшчэнне назіральнікаў і гасцей Сабору. Нарэшце, Балгарская Царква не хоча несці «буйныя і неабгрунтаваныя» выдаткі на Сабор.

Цяпер, пасля рашэння балгарскага Сіноду, Вялікі і Святы Сабор Праваслаўнай Царквы можа быць аднесены на няпэўны тэрмін. Больш як 50-гадовыя высілкі ўсяленскіх патрыярхаў Афінагора, Дзімітрыя і, падобна на тое, Варфаламея кансалідаваць Праваслаўе могуць не даць плёну. Але рашэнне балгарскага Сіноду можа прывесці да аслаблення пазіцый Маскоўскай Царквы.

Каб не раздражняць Маскву, каб правесці Сабор, Фанар цягам доўгага часу ўстрымліваўся ад актыўнага ўмяшальніцтва ў справы ўкраінскага Праваслаўя, падзеленага, як вядома, на тры асноўныя Царквы. Цяпер у Патрыярха Варфаламея развязаныя рукі. Гэта добра зразумеў вучоны багаслоў, протадыякан і прафесар Андрэй Кураеў. Свайму каментару на пастанову балгарскага Сіноду ён даў загаловак «Патрыярх Варфаламей вымушаны пачаць вайну за Украіну».

Сваю выснову прафесар Кураеў аргументуе даволі проста: «…калі Сабору не будзе, як яшчэ Варфаламею ўвайсці ў гісторыю? Рэканструкцыя Візантыі не ўдалася. Засталося адно эпахальнае дзеянне: вяртанне Украіны ў склад «царквы-маці».

Праўду кажучы, я не зразумеў, пры чым тут «рэканструкцыя Візантыі». А тое, што Варфаламей ужо увайшоў у гісторыю, – бясспрэчны факт. І дарма расійскі праваслаўны патрыёт узяў у двукоссе ды напісаў з малое літары слова «Царква-Маці». Канстанцінопальская Царква сапраўды Маці для праваслаўных былое Рускае (Кіеўскае) Царквы, якая ахоплівала ўсходнееўрапейскія абшары. І прынятае з Канстанцінопаля Праваслаўе прыйшло на землі, дзе паўстала Масква, з Кіева, а не наадварот. І тое, што старажытная кіеўская кафедра была ўкрадзена Масквою ў Канстанцінопаля па праве заваёўніка, не адмяняе мацярынскіх правоў Канстанцінопальскай Царквы. Фанар заявіў пра гэтыя правы ў 1924 годзе, калі Патрыярх Грыгорый VII адарыў аўтакефаліяй Праваслаўную Царкву ў Польшчы. Памянянілся гістарычныя абставіны – і маскоўскі Сінод пад дыктоўку Крамля мусіў згадзіцца з рашэннем Фанара.

Усяленскі Патрыярх сапраўды можа здзейсніць эпахальны ўчынак, калі Канстанцінопальская Царква-Маці шчыльна займецца справамі ўкраінскага Праваслаўя, дапаможа яму вылечыць яго хваробы. Якія арганізацыйныя і юрыдычныя формы прыме ўкраінскае Праваслаўе (прызнаная Фанарам аўтакефалія ці аўтаномія), важна адно: Руская (Кіеўская) Царква зноў будзе жыць асобна ад Маскоўскай Царквы, як гэта было ў 1448–1686 гг. Імкненне да такога жыцця ва Украіне моцнае. Царква-Маці прост абавязана прыйсці на дапамогу Дачцэ.

Як і ў часы Грыгорыя VII, ад Царквы-Маці патрабуецца рашучы крок, а Маскоўская Царква раней ці пазней змушана будзе прызнаць новы стан рэчаў. Прызнала ж яна адноўленую аўтакефалію Грузінскай Царквы, аўтакефалію Царквы ў Польшчы, пераход пад амафор Канстанцінопаля праваслаўных Фінляндыі і вяртанне пад той самы амафор значнай часткі праваслаўных у Эстоніі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?