Вячаслаў Чэрнеў, які паходзіць з Арэнбурга, прынцыпова размаўляе з беларусамі толькі па-беларуску. Увогуле падтрымаць размову хлопец можа ажно на 20 мовах.

Аспірант, які мае незвычайныя здольнасці да моў

Вячаславу Чэрневу цяпер 21 год. Ён аспірант Варшаўскага ўніверсітэта, дзе рыхтуе дысертацыю пра марфалогію башкірскай мовы. Акрамя башкірскай, татарскай, казахскай, арабскай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай ды іншых моў, сербскай ды харвацкай, хлопец без акцэнту размаўляе і па-беларуску.

Прыгоды з мовамі пачаліся для Вячаслава з вывучэння англійскай мовы ў школе ў Арэнбургу. Пазней ягоная настаўніца матэматыкі, якая была татарка паводле паходжання, бачачы ўнікальныя здольнасці хлопца, пазнаёміла яго са сваёй роднаю моваю.

Яшчэ крыху пазней юнаку на занятках ігры на скрыпцы выпадкова трапіў у рукі зборнік нотаў, адна з частак якога мела каментары на цікавай мове, падобнай да татарскай. Маладзён высветліў, што гэтая мова – башкірская. Вячаслаў так захапіўся ёю, што нават скончыў факультэт башкірскай філалогіі ў Педагагічным універсітэце імя Міфтахетдзіна Акмулы ва Уфе.

«Арэнбург – маё роднае места – быў першай сталіцаю фактычна незалежнай, а потым аўтаномнай Башкірыі», – адзначае Вячаслаў.

Нарадзінец Арэнбурга дасканала вывучыў башкірскую і нават стаў вядоўцам адмысловага шоу на башкірскім тэлебачанні, у якім замежнікі спрабавалі вывучыць мясцовую мову.

Шлях да беларускай мовы

Шлях да беларушчыны маладзёна распачаўся з таго, што яму спадабалася «Вікіпедыя» па-беларуску. «Я адкрыў, што беларуская «Вікіпедыя» мае дзве версіі – на тарашкевіцы і наркамаўцы. Мяне гэта моцна зацікавіла. Я прачытаў пра сутнасць з'явы класічнага правапісу і цяпер прытрымліваюся гэтага стандарту. Афіцыйны варыянт не дае такога натхнення і такой творчай прасторы. Я ні ў якім разе не хачу абразіць некага, хто карыстаецца афіцыйным правапісам, бо гэта таксама добра. Лепш так, чымся па-расейску», – заўважае аспірант.

З 2009 года юнак сам пачаў браць удзел у рэдагаванні артыкулаў у беларускай «Вікіпедыі».

Як зазначае, у вывучэнні беларускай мовы яму дапамагло моўнае пачуццё, а таксама лагічнасць беларускай мовы. «Мне надзвычай спадабалася ў тарашкевіцкай версіі «Вікіпедыі» тое, што там ёсць пэўная варыятыўнасць, хоць існуе і свой стандарт. У «Вікіпедыі» афіцыйным правапісам «рэдагаванне» абазначана словам «правім» і гэтак далей. Гэта неяк па-дзіцячаму, як мне падалося. Можа, нехта лічыць афіцыйны стандарт больш перспектыўным. Але я падзяляю меркаванне нябожчыка Змітра Саўкі: класічны стандарт не толькі мае права на існаванне, але за ім стаіць той самы нязломны беларускі дух», – мяркуе Вячаслаў.

Продкі родам з ВКЛ?

Малады мовазнавец адзначае, што некаторыя з ягоных продкаў маглі паходзіць з земляў былога Вялікага Княства Літоўскага.

«Мая прабабуля жыла ў сяле Прачысценка каля Арэнбурга. У яе вельмі цікавая мова: яна цекае, спарадычна дзекае, але ў той жа час гаворыць з оканнем. Магчыма, ейныя продкі былі перасяленцамі з Палесся ці Падляшша», – гаворыць хлопец.

Паводле яго, на карысць гэтай тэорыі сведчыць назва сяла Прачысценка. «Прачыстая – гэтак у Беларусі называюць свята, якое па-расейску завецца «Успение». Да таго ж, у гэтай вёсцы ніколі не было старавераў, што сведчыць пра перасяленскі характар вёскі», – сведчыць Вячаслаў.

Першыя кнігі па-беларуску

Беларускую мову юнак удасканальваў, сцягнуўшы падручнік з інтэрнэту. Першыя кнігі, якія Вячаслаў самастойна прачытаў па-беларуску, – гэта зборнікі вершаў, якія былі ў сеціве. «Мой улюбёны беларускі паэт – Максім Багдановіч. Ён з тых адраджэнцаў беларускай культуры, хто не быў у сваёй творчасці аднамоўны, з тых, хто меў нестандартны, пакручасты лёс. Мне падабаецца таксама творчасць Ніла Гілевіча, гэта быў паэт моцнай беларускай пазіцыі», – падкрэслівае хлопец.

Важным знакам для беларускай культуры Вячаслаў лічыць сучасную беларускую літаратуру, прысвечаную актуальным тэмам. «Паэзія ёсць нават у ніўхаў ды кетаў – гэта два ізаляваныя народы на поўначы Расіі, але іх засталося вельмі няшмат. Яны на мяжы вымірання. Іхная пасіянарнасць акурат і палягае на тым, што яны захавалі сваю паэтычную традыцыю», – заўважае Вячаслаў.

Першая размова па-беларуску з беларусамі

Упершыню хлопцу ўдалося паразмаўляць з беларусамі на беларускай мове ў Турцыі. «Я адпачываў тады з сям'ёю. Гэта быў, бадай, апошні дзень нашага побыту. Мы збіраліся да ад'езду. Каб не перашкаджаць збіраць рэчы, я застаўся на першым паверсе гатэлю. Чую, што нехта размаўляе па-расейску, але з нейкай своеасаблівай інтанацыяй. Мне стала цікава, што гэта за дзіўная інтанацыя. Аказалася, што гэта былі два хлопцы з Гомля. Яны вельмі здзівіліся, пачуўшы ад мяне беларускую мову. Гэта я першы запрапанаваў ім перайсці на беларускую. Для мяне гэта была добрая нагода, каб ужывую паразмаўляць па-беларуску».

Вячаслаў адзначае, што цяпер у любой сітуацыі пазнае беларуса паводле ягонай інтанацыі.

Упадабаныя беларускія словы

Навучаючыся ва Уфе, Вячаслаў аднойчы пачуў, як ягоныя калегі-студэнты знайшлі ў інтэрнэце старонку з цікавінкамі, сабранымі з розных моў, ды адкрылі для сябе беларускі выраз: «Ты маеш рацыю» («Ты гаворыш слушна»). Пазней студэнты яшчэ некаторы час жартавалі з гэтага – настолькі незвычайнай ды дзіўнай падавалася ім гэтая фраза.

«Калі я даведаўся, што па-беларуску «блага» – гэта кепска, то гэта паставіла для мяне ўсё на свае месцы. Калі па-расейску мы кажам, што нехта «блаженный» – гэта значыць, што ў яго нешта не так з галавою, то бок з ім сталася нешта «благое» менавіта ў беларускім сэнсе», – заўважае маладзён.

Адное з самых улюбёных беларускіх словаў Вячаслава – «жарсць». Яго хлопец упершыню пачуў у праграме «Моўнік» на «Белсаце». «Я памятаю, што вядоўца, спадарыня Вольга Іскрык, адзначыла, што беларуская «жарсць» перамагла стараслявянізм «страсць». І сапраўды, цяпер па-беларуску «страсць» амаль ніхто ўжо і не гаворыць», – звяртае ўвагу Вячаслаў.

Чаму Беларусь нагадвае Башкартастан?

На думку аспіранта Варшаўскага ўніверсітэту, моўная сітуацыя ў Башкартастане, які ёсць часткаю Расіі, мае падабенства да сітуацыі з мовамі ў незалежнай Беларусі. У Башкартастане таксама дзве дзяржаўныя мовы – расейская і башкірская. Школы з башкірскай мовай навучання месцяцца там, як і ў Беларусі, пераважна ў вёсках. «Не хачу абразіць Беларусі і традыцыі нацыянальнай школы, але мне падаецца, што школ з башкірскай мовай навучання ў Башкартастане больш, чым беларускамоўных школ у Беларусі. Ва ўмовах места сітуацыя падобная да беларускай, дзе пераважае расейшчына, хоць, калі пяройдзеш на башкірскую мову, то ў большасці выпадкаў цябе зразумеюць».

Башкіры, як і беларусы, у пачатку ХХ стагоддзя абвесцілі сваю незалежную дзяржаву, якая нагадвала БНР. Але пасля прыходу камуністаў да ўлады башкірскія дзеячы мусілі адступіць ад сваіх памкненняў. Цяпер расейскія гісторыкі кажуць пра аўтанамісцкі, а не пра незалежніцкі рух на башкірскіх землях.

«Башкіры з вёскі таксама часам чуюцца няўпэўнена, калі прыязджаюць у зрусіфікаваны горад, але ўсё ж гэта я б не назваў сорамам, – адзначае юнак. – Гэта, хутчэй, збянтэжанасць. Людзі ўсё ж ведаюць, што гэта іхны горад. Башкіры, нават тыя, якія не захавалі сваёй мовы, вельмі моцна прывязаныя да сваёй традыцыйнай культуры, бо яны мусульмане. Гэта ім не дазваляе цалкам асімілявацца».

На поўначы Башкартастана людзі размаўляюць на дыялекце, вельмі набліжаным да татарскай мовы. Паводле Вячаслава, часам гэтую моўную ідэнтычнасць падаюць як нацыянальную, маўляў, гэтыя людзі – татары. У Беларусі такая блытаніна назіраецца ў рэлігійным пытанні: калі каталікоў аўтаматычна запісваюць у палякі, а праваслаўных адносяць да «расейскага свету».

Вернік Грэка-Каталіцкай Царквы

Цяпер Вячаслаў – вернік Грэка-Каталіцкай Царквы. Маладзён афіцыйна далучыўся да яе ў Мінску сёлета, 25 сакавіка, – у Дзень Волі.

Ужо ў 11-гадовым узросце Вячаслаў пачаў шукаць Бога: наведваў лютэранскія набажэнствы, рымска-каталіцкую каплічку ў Арэнбургу. Пазней ягоныя беларускамоўныя сябры запрасілі яго прыехаць у Мінск на грэка-каталіцкую службу.

«Я зразумеў, што Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ва ўмовах сучаснай Беларусі – гэта максімальна адзіная магчымасць захаваць беларускую рэлігійную культуру. Мне падаецца, што рэлігійнае адраджэнне беларусаў працягваецца. Усё, што патрэбна для аздараўлення Беларусі, – ёсць у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве з яе прынцыпамі, з яе традыцыяй, з яе пэўнай свабодай», – падкрэслівае нарадзінец Арэнбурга.

Як адраджаць беларускую мову

На думку Вячаслава, зберагаць беларускую мову трэба перадусім у сям’і. «Усё цалкам добра вырашаецца праз свядомы ўдзел сям'і ў выхаванні наступнага беларускамоўнага пакалення. Калі дзіця чуе дома беларускую мову, глядзіць фільмы ці перадачы на беларускай мове, мае магчымасць сустракацца з іншымі беларускамоўнымі дзецьмі, то яно не страціць роднай мовы», – мяркуе Вячаслаў.

Іншая парада для бацькоў: выкарыстоўваць пратэставы патэнцыял сваіх дзяцей. «У падлеткаў мяняецца характар. Гэтую змену варта выкарыстаць, каб прывесці дзіця да беларускай мовы. Якім чынам – гэта залежыць ад кожнай канкрэтнай сітуацыі. Беларуская мова дае дзіцяці магчымасць быць не такім, як усе», – падкрэслівае маладзён.

Цяперашні ўзрост цікавасці да беларушчыны ў нашай краіне Вячаслаў ацэньвае як вельмі пазітыўную з’яву. Хлопец упэўнены, што беларуская мова з цягам часу паўсюль будзе гучаць у Беларусі: «Мова – гэта не музейны экспанат. Яна будзе жыць і знойдзе сваю сферу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?