У ходзе контртэрарыстычнай аперацыі ў казахстанскім Актабэ (горад на захадзе краіны) былі забітыя чатыры чалавекі, што напалі на вайсковую частку і зладзілі перастрэлку з паліцыяй, паведамляе ў нядзелю «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-сакратара МУС Казахстана Алмаса Садубаева.
Ён распавёў, што сямёра нападнікаў былі затрыманыя, з іх двое атрымалі раненні. Астатнія меркаваныя злачынцы адшукваюцца.
Садубаеў удакладніў, што раней у нядзелю група чалавек напала на збройную краму «Палада», дзе забіла прадаўца і ахоўніка крамы. У ходзе перастрэлкі з паліцэйскімі група людзей нанесла раненні траім праваахоўнікам.
Пры нападзе на другую збройную краму «Пантэра» быў забіты адзін наведнік крамы, і яшчэ адзін мірны жыхар быў паранены. Праваахоўнікі застрэлілі траіх нападнікаў.
Яшчэ адзін нападнік быў забіты ў ходзе атакі на вайсковую частку.
«Для нападу на вайсковую частку злачынцы захапілі маршрутны аўтобус, высадзілі кіроўцу і пасажыраў, а затым аўтобусам пратаранілі вароты, дзе, пракраўшыся на тэрыторыю, адкрылі стральбу, забіўшы трох, і параніўшы шасцярых вайскоўцаў», - распавёў Садубаеў.
Раней у нядзелю паведамлялася, што невядомыя, якія маглі быць датычныя да радыкальных рэлігійных груповак, здзейснілі некалькі нападаў у Актабэ.