Справу ДАІшнікаў, якія 2 сакавіка выставілі «жывы шчыт» на шляху п’янага кіроўцы, у панядзелак 19 траўня перададуць з пракуратуры ў суд.

Судзіць будуць толькі простых інспектараў. Дзе знаходзіцца Раман Мянцюк, супраць якога той «шчыт» і выстаўлялі, па‑ранейшаму дакладна не вядома, але ў міжнародны вышук яго чамусьці не аб’яўляюць.

Нагадаем, што 2 сакавіка на 8‑м кіламетры трасы Мінск‑Мікашэвічы інспектары ДАІ правялі затрыманне кіроўцы, які ўцякаў ад іх ад самога Слуцка. Каб нарэшце спыніць уцекача, ДАІшнікі выставілі на дарозе перашкоду з прыватных машын.

Як паведаміла Еўрарадыё адвакат пацярпелых Вера Страмкоўская, справу інспектараў ДАІ, якія, па версіі следчых пракуратуры Мінскай вобласці, выстаўлялі «жывы шчыт» 19 траўня перададуць у раённы суд горада Заслаўя. Інспектары сваёй віны не прызнаюць і сцвярджаюць, што кіроўцы спыніліся самі.

«Учора мы азнаёміліся з матэрыяламі справы, і ўжо ў панядзелак справа ў суд пойдзе — Мінскага раёна горада Заслаўе. Прыклалі ўсе хадайніцтвы, абвінавачваюцца два звычайныя ДАІшнікі, якія па‑ранейшаму сваю віну не прызнаюць, адмаўляюць усё цалкам і сцвярджаюць, што кіроўцы спыніліся самі».

Па словах адваката, ніхто з кіраўніцтва ДАІ на лаву не патрапіць. Судзіць будуць двух звычайных інспектараў. Іх абвінавачваюць у злоўжыванні службовым становішчам. Але які прысуд вынесе суддзя, адвакат сказаць не бярэцца.

«424 артыкул частка 1 Крымінальнага кодэксу — злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам. Альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, займацца пэўнай дзейнасцю. Але паколькі іх нават не арыштавалі, а толькі ўзялі падпіску аб нявыездзе, то можна ўявіць, якое да іх стаўленне. Прысуд абвінавачвальны будзе, але наколькі ён будзе жорсткім альбо мяккім, гэта пытанне».

Калі будзе першае судовае пасяджэнне пакуль невядома. Спачатку, кажа адвакат, са справай павінен азнаёміцца суддзя.

Як паведаміў Еўрарадыё адзін з пацярпелых 2 сакавіка Юрый Пашкевіч, 14 траўня яго разам з астатнімі пацярпелымі выклікалі ў пракуратуру, каб азнаёміць з матэрыяламі справы. Па яго словах, пацярпелыя засталіся не задаволеныя працай следчых пракуратуры.

«Не закранаецца пытанне, ці сапраўды гэтыя супрацоўнікі ДАІ спынялі нас і выстаўлялі ў картэж па сваёй ініцыятыве? Гэта ў першую чаргу цікавіць нас усіх — ці не быў дадзены на гэта кімсьці загад? Тым больш, што перастала быць сакрэтам тое, што гэта не першы раз такое здараецца, і ўжо спынялі інспектары такім чынам злачынцаў».

Па яго словах, калі пацярпелыя застануцца незадаволенымі рашэннем суда, яны абавязкова будуць яго абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.

Між тым, па‑ранейшаму невядома месцазнаходжанне Рамана Менцюка, супраць якога ДАІшнікі і выстаўлялі «жывы шчыт» на трасе Мінск‑Мікашэвічы. Віноўнік здарэння знік 19 сакавіка, адразу пасля ўдзелу ў праграме Першага канала «Пусть говорят». Як паведаміў Еўрарадыё прэс‑афіцэр УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Шункевіч, следчыя мяркуюць, што ён хаваецца на тэрыторыі Расіі.

Аляксандр Шункевіч: «Ён у вышуку, і ніякай дадатковай інфармацыі ў нас няма. Але цалкам магчыма, што ён знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі».

А на пытанне Еўрарадыё, чаму яго не абвясцілі ў міжнародны вышук праз Інтэрпол, адказаў, што Мянцюк — злачынца не таго ўзроўню, каб дзеля яго турбаваць міжнародную паліцыю.

Эўрарадыё

Глядзі яшчэ:
Сьмяротнікі па волі ДАІ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0