Мяне, як і многіх беларусаў, вельмі непакоіць гаротны стан роднай мовы. Хоць афіцыйна яна з’яўляецца дзяржаўнай, але пасля рэферэндуму 1995 года нашы чыноўнікі паставілі беларускую мову фактычна на мяжу знікнення, поўнага выцяснення яе з усіх сфер грамадскага жыцця. Вышэйшым кіраўніцтвам краіны, дэпутатамі парламента парушаны прынцып канстытуцыйнай роўнасці двухмоўя. Я хачу чытаць усе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы кіраўніка дзяржавы, пастановы ўрада, рашэнні мясцовых улад па-беларуску. Але ж такой магчымасці не маю. Амаль усе заканадаўчыя і нарматыўныя акты прымаюцца і публікуюцца на адной дзяржаўнай мове — рускай. Чаму ўлада абмежавала маё права як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь?

Прэзідэнт краіны аднойчы сказаў, што мова не павінна быць палітычнай катэгорыяй. А на самай справе беларускія ўлады зрабілі ўсё для таго, каб мова стала «яблыкам разладу», сродкам палітычнай барацьбы. Агрэсіўная русіфікацыя — хіба ж гэта нармальная палітыка?

Прапаную абмеркаваць прычыны перакосаў у дзяржаўнай культурна-моўнай палітыцы і патрабаваць ад улад усіх узроўняў прыняцця дзейсных захадаў, каб выправіць гэтыя перакосы. Сёння, як ніколі раней, беларускай мове патрэбна грунтоўная дзяржаўная падтрымка. Беларускім уладам, на маю думку, трэба зрабіць найперш тры рашучыя крокі:

— забяспечыць канстытуцыйную роўнасць дзяржаўнага двухмоўя;

— забяспечыць навучанне ў палове (50%) сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў па-беларуску;

— прыняць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?