Аўтар ля ракі Катунь.

Аўтар ля ракі Катунь.

Пятнічны вечар. На цэнтральнай плошчы пасёлка Майма ў Горным Алтаі канцэрт. Нейкія хлопцы на сцэне махаюць шабелькамі, а з калонак нясецца: «Русь маладая, сілы нямерана, дайце каня мне да добры меч». Кожны другі маладзён, што ідзе патусавацца на плошчы, відавочнай мангалоіднай знешнасці. На Палацы культуры вісіць вялізны білборд: «Алтай — Расія: 260 гадоў адзінства». «Рацью пайдзём да пагонім ворага, Русь маладая серцу дорога», — заканчваецца песня.

Майма — гэта невялікі населены пункт побач з Горна-Алтайскам, яго насельніцтва — 17 тысяч чалавек, прыкладна як у нашым Шклове ці Лепелі. Сюды мы прыехалі, каб наведаць музей каменю. Яго дырэктарка і ахоўніца Таццяна Кубельда бярэ ўказку і, як школьнікам, пачынае тлумачыць нам, дзе якія карысныя выкапні ёсць на Алтаі. «Вось гэта — слюдачка», — пяшчотна кажа яна, паказваючы нам слюду.

Спадарыня Кубельда хоць і прафесійны навукоўца-геолаг, але схільная да містыцызму. Напрыклад, расказвае, што ўран з Чарнобыльскага рэактара быў здабыты менавіта ў Горным Алтаі. «Алтай — гэта алтар свету», — перакананая жанчына. Расказвае нам пра энергетычную сувязь, што звязвае горы Алтая і Гімалаі. Пра тое, што найвышэйшая гара края Бялуха знаходзіцца на роўнай аддаленасці ад усіх акіянаў свету. А яшчэ пра першага святара на Цялецкім возеры, які маліўся, едучы па вадаёме на чоўне, і лёд проста разыходзіўся перад ім. Дагаворваецца нават да таго, што Буда здабыў прасвятлення менавіта ў Алтайскіх гарах. Гэты музей цікавы не столькі сваімі экспанатамі, як дырэктаркай.

А яшчэ Таццяна Кубельда хваліла Пуціна за тое, што ён паставіў на месца Эрдагана, калі сказаў, што прарадзімай цюркаў з’яўляецца Расія, а менавіта Алтайскі край, і перажывала, што багацці Алтая прададуць кітайцам ці канадцам.

Непаўторная прырода — галоўнае багацце Алтая.

Непаўторная прырода — галоўнае багацце Алтая.

Хто гаворыць па-алтайску?

Пра страх кітайскай экспансіі мне расказваў яшчэ адзін горнаалтайскі краязнаўца.

«Вельмі шмат чужынцаў да нас прыязджае. Я лічу, што трэба вучыць алтайскую мову, каб не дапусціць сюды чужакоў», — даверліва шаптаў ён мне каля крамы мёду.

Па яго словах, толькі каля 5% жыхароў Рэспублікі Алтай можа размаўляць на алтайскай мове, пасіўна разумее мову крыху болей, можа, каля 10%. Нармальнага вывучэння мовы ў школах няма. Саміх кітайцаў ні ў Горным, ні ў Рудным Алтаі я не сустракаў.

Алтайцы — гэта агульная назва цюркскіх народаў, што засяляюць край. Гэта тэленгіты, тэлеуты, кумандзійцы, тубалары. Калі пачынаеш чытаць гісторыю гэтых народаў, то першай прыходзіць думка, што беларусы не такія ўжо і лузеры, як часам нам настойліва навязваюць. Гэта ж колькі народаў і народнасцяў растварылася на прасторах бязмежнай Расіі, а беларусы ўсё ж змаглі выжыць і нікуды знікаць не збіраюцца.

Музей за грошы «Газпрама»

Другі раз паралелі з Беларуссю прыходзяць на думку, калі ў Горна-Алтайску нас вядуць у шыкоўны Краязнаўчы музей. Такіх нават у Мінску няма, хіба што Вялікай Айчыннай, сучасны, прасторны, новенькі. Пабудаваны на грошы «Газпрама». Не была б Беларусь незалежнай краінай, можа, дзесьці ў Мінску ці Маладзечне, «Газпрам» бы таксама адгрохаў такі самы музей беларускай культуры.

Сучасны музей у Горна-Алтайску зрабілі за грошы «Газпрома».

Сучасны музей у Горна-Алтайску зрабілі за грошы «Газпрома».

Калі беларусы лічаць бацькамі нацыі паэтаў (Багушэвіч, Купала, Колас), то герой №1 алтайцаў — мастак Грыгорый Чорас-Гуркін, які вучыўся ў Шышкіна. Чорас — гэта старажытны алтайскі род, усяго родаў каля сарака.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пачынаецца барацьба алтайцаў за дзяржаўнасць. Чорас-Гуркін таксама далучаецца да яе, нават нейкі час узначальвае галоўны орган — Каракарум-Алтайскую акружную ўправу. Праз нейкі час мастака арыштоўваюць за сепаратызм, але ён змог уцячы спачатку ў Манголію, а пасля — у Тыву (на той час незалежную дзяржаву). У 1925 годзе Чорас-Гуркіна ўгаворваюць вярнуцца ў СССР, і першыя гады ён у захапленні ад новай краіны. У 1937-м Грыгорыя Чорас-Гуркіна расстрэльваюць «за стварэнне нацыяналістычнага падполля і шпіянаж на карысць Японіі».

Магутная карціна Гуркіна «Хан Алтай» сёння вісіць на самым прыкметным месцы ў Краязнаўчым музеі. Мілая экскурсаводка расказвае пра ўсё на свеце, пра паселішчы, што існавалі на Алтаі да нашай эры, пра воінаў-качэўнікаў, Джунгарскае ханства, нават пра старавераў, што некалі прыйшлі жыць на Алтай, вядома ж, пра мецэнатаў з «Газпрама», аднак ні словам не згадвае барацьбу алтайскага народа за незалежнасць. Усё гэта павінна забыцца.

Галоўны экспанатам музея з’яўляецца мумія «прынцэсы Укока». Яе знайшлі пры археалагічных раскопках у 1993 годзе на магільніку Ак-Алаха. Побач з ёй былі пахаваныя шасцёра коней (што сведчыць пра высокае сацыяльнае становішча). Жанчына памерла прыкладна ў 25 гадоў ад раку малочнай залозы. Мясцовыя народы лічаць, што «прынцэса» стаіць на варце падземнага свету і не дапускае туды сілы зла. Рада старэйшын Алтая патрабуе перазахавання жанчыны і лічыць, што ўсе беды, якія звальваюцца на Алтай, адбываюцца праз тое, што мумія не можа знайсці свой спачын. Фатаграфаваць «прынцэсу Укока» строга забараняецца. А сачыць за муміяй прыязджаюць людзі з Масквы, што «апякуюцца» над Леніным у Маўзалеі.

Адпачынак для Пуціна

Горны Алтай — гэта край дзівоснай прыгажосці. Горы, азёры, рэкі, лугі прымушаюць цябе хадзіць з адкрытым ротам, а мозг — фіксавацца на тым, каб захаваць у памяці хаця б частку ўсёй гэтай пышнасці.

Рэспубліка Алтай займае другое месца сярод рэгіёнаў Расіі па чысціні, Алтайскі край — пятае.

Нездарма ўласную рэзідэнцую «Алтайскае падвор’е» мае Уладзімір Пуцін. Кіраўнік Расіі прылятае на самалёце да Горна- Алтайска, а ўжо адтуль на верталёце да рэзідэнцыі, якая знаходзіцца высока ў гарах, з выдатным відам на ўпадзенне ракі Урсул у Катунь. Пры рэзідэнцыі знаходзіцца ферма па вырошчванні маралаў. Рогі маралаў (панты), лічыцца, маюць лекавы эфект і прадаюцца ў мясцовых аптэках і сувенірных лаўках. Летась, кажуць, Пуцін аж двойчы адпачываў на Алтаі, адзін раз у кампаніі былога прэм’ера Італіі Сільвіа Берлусконі.

Дарэчы, на Алтаі мне так і не давялося пабачыць 90%-най падтрымкі палітыкі кіраўніка Расіі, пра якую гэтак бадзёра рапартуюць тамтэйшыя СМІ. Я чуў дастаткова шмат крытыкі і Пуціна, і ваенных аперацый ва Украіне і Сірыі. Усё ж значная частка людзей не развучылася разважаць крытычна.

Цікава, што плакаты «Адзінай Расіі» ў Алтаі выкананыя на дзвюх мовах: спачатку на алтайскай, а потым на рускай. ЛДПР і КПРФ у візуальным афармленні выкарыстоўваюць выключна рускую.

Грэчка і хіпстары

Алтайскі край не пакінуў адчування занядбанасці. Большасць палёў, якія мне даводзілася бачыць, акуратна засеяныя грэчкай.

Алтай — гэта лідар у Расіі па вырошчванні гэтай культуры.

Дастаткова добрыя дарогі, а каля хатаў рэдка пабачыш гнілыя платы. У гэтым плане сітуацыя ў памежных з Беларуссю раёнах Расіі нашмат горшая.

І гэта прытым, што, па афіцыйных дадзеных, Алтайскі край — адзін з найбяднейшых у Расіі.

Такіх завоблачных заробкаў, як у паўночных рэгіёнах, там ніхто не мае. Гэта адчуваецца ў тым ліку па сталіцы края Барнауле — усё ж модна апранутай моладзі, хіпстараў, там заўважна меней, чым у Мінску.

Сібірскія Афіны

Барнаул, які стаіць на перасячэнні невялікай рэчкі Барнаулкі (кажуць, што менавіта яна дала назву гораду, перакладаецца як «мутная вада») і магутнай, паўнаводнай Абі, пакідае дваякае адчуванне.

Некалі гэты горад Фёдар Дастаеўскі назваў «сібірскімі Афінамі». Рускія прыйшлі сюды дастаткова позна, бо ўглыб Сібіры іх рухала паляванне на пушнога звярка, а на Алтаі гэтага дабра не было. Барнаул быў такім своеасаблівым катлом культур, дзе варыліся рускія, алтайцы, немцы, манголы, казахі.

Савецкі Саюз зрабіў усіх аднолькавымі. І сёння ўжо, мабыць, цяжка знайсці істотныя адрозненні паміж Барнаулам ці Чытой.

Засталося некалькі цікавых вулачак у гістарычным цэнтры горада, з адметнай драўлянай архітэктурай.

На музей Барнаула не хапае фарбы

На музей Барнаула не хапае фарбы

Пры гэтым кідаецца ў вочы аблезлая фарба на фасадзе гарадскога музея, найстарэйшага ў Сібіры. І што падумае чалавек з Еўропы, калі такое пабачыць?

З нашай групай, дарэчы, быў француз Філіп. Аднойчы прамаўляючы, ён прызнаўся, што найбольш у Барнауле яго ўразілі аграмадныя закінутыя прамзоны. Калі звярнуць з галоўнага праспекта Леніна, то можа скласціся ўражанне, што трапіў на амерыканскі Дзікі Захад пачатку ХІХ стагоддзя. Стаіць нейкі салун (бар), яшчэ пару закінутых дамкоў, вецер ганяе пыл па бездаражы, бегаюць бадзяжныя каты.

Пры гэтым у Барнауле ёсць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій, хоць многія яго з'яўленню супраціўляліся. З гэтых мясцін паходзіць расійскі апазіцыянер Уладзімір Рыжкоў. Выходзіць буйная незалежная газета «Свабодны курс». У гэтым плане многія гарады Расіі могуць пазайздросціць Барнаулу.

Памаўчаць на Пікеце

У сяле Сросткі ў музеі Васіля Шукшына работніцы былі дужа незадаволеныя, што мы прыехалі пад канец рабочага дня, абураліся, не хацелі праводзіць экскурсію. Некалі тое самае ў мяне было ў музеі Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.

Некаторымі фактамі музей уражвае, напрыклад, як пры Сталіну расстралялі бацьку будучага пісьменніка і рэжысёра.

Моцных артэфактаў хапае. Напрыклад, лісты маці, якія яна пісала на магілу сына.

Аднак музею страшэнна бракуе інтэрактыўнасці. Нідзе не чутно голасу Шукшына, нідзе не паказваюць кадры з ягоных фільмаў. Такія музеі робяцца артэфактамі мінулага, і без сучасных тэхналогій прыцягваць у іх людзей будзе ўсё цяжэй.

Над самімі Сросткамі, на гары Пікет, ёсць вялізны помнік Шукшыну (тут ставяць націск на першы склад). Пісьменнік басанож сядзіць над вёскай, гледзячы на дамкі, рэкі, горы. Мясцовыя так і кажуць: «Пойдзем да Макаравіча на Пікет памаўчым». Сапраўды, у гэтым месцы вельмі добра маўчыцца.

За некалькі кіламетраў ад Сросткаў зламася машына. «Это труба», — нечакана па-руску прамовіў наш француз Філіп. Было смешна.

«Макаравіч не хоча проста так адпускаць», — усміхнуўся наш алтайскі праваднік.

Пакуль чакалі іншай машыны, пайшлі ў мясцовую краму.

— Што ў вас ёсць выпіць? — спыталіся мужыкі.

— Я не разбіраюся, — абыякава адказала магазіншчыца.

— А мясцовыя што бяруць?— не здаваліся нашы.

У гэты момант дзяўчына абсалютна флегматычна выцягвае з-пад прылаўка невялічкі пузырок з ласьёнам «Віта-Септ».

«96% спірту, самы хадавы тавар», — не міргнуўшы кажа яна. Нібыта і няма бяды, што на ім прапісана «толькі для вонкавага карыстання».

А пасля мы елі смачныя піражкі з яйкамі і пячонкай, што гатавала прыгожая руская жанчына ў шапіку ля трасы, і гулялі ў валейбол з мурзатымі мясцовымі дзецьмі.

Не, на Алтай адназначна трэба прыязджаць яшчэ. Шкада толькі, што гэта так далёка.

Мёд — гонар Алтая.

Мёд — гонар Алтая.

Што набыць на Алтаі?

Мёд — тут яго сотні гатункаў. Алтайскі мёд вельмі шануецца.

Кедровыя арэшкі — сезон пачынаецца ў верасні- кастрычніку. У летні перыяд рекамендуюць набываць толькі ў вакуумнай упакоўцы, бо ў шкарлупінні могуць выклікаць горыч у роце.

Бальзамы — іх таксама шмат гатункаў. І алкагольных, і безалкагольных.

Рыба — па трасе ў Горным Алтаі шмат месцаў, дзе прадаецца харыус і таймень.

Смала лістоўніцы — на Алтаі яе жуюць як жуйку. Хаця відавочнага лекавага эфекту не мае.

Чай з сібірскіх зёлак ідзе на ўра

Як дабрацца? Самалёты з Масквы ляцяць у Барнаул і Горна-Алтайск 4,5 гадзіны. Білеты ў два бакі можна набыць за 200—300 еўра.

Падвесны мост да выспы Патмас у Чамале.

Падвесны мост да выспы Патмас у Чамале.

Час

Розніца ў часе з Барнаулам — 4 гадзіны. Калі ў Беларусі, напрыклад, 16 гадзін, то ў Барнауле 20 гадзін.

Колькі каштуе адпачынак?

Пакоі ў курортных зонах Горнага Алтая пачынаюцца ад 15 еўра за двух чалавек. Ёсць і нашмат даражэйшыя прапановы. У мясцовых жыхароў можна зняць памяшканні за 5—10 еўра за ноч.

* * *

Аўтар дзякуе за магчымасць наведаць Алтай Інстытуту Fojo (Швецыя), а таксама выдавецкаму дому «Алтапрэс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?