18 мая ў Вільні памёр беларускі мастак і пісьменнік Алег Аблажэй.

Ён быў сапраўдны вілянчук — памяркоўны, талерантны, шматмоўны… Лёс звёў мяне першы раз з Алегам Аблажэем улетку 1989, калі ў Вільні, на Туравай гары, праходзіў устаноўчы з’езд БНФ.

Як сёння помню той дзень. Мы ўтрох, з Алегам Аблажэем і Сяргеем Дубаўцом, сустрэліся за абедам у «Паланзе» — таннай рэстарацыі роўна пасярод праспекта Гедыміна. Пры канцы савецкіх часоў тут можна было хутка, танна і прыстойна падмацавацца. Хлеб тады наразалі зусім танюткімі скрылёчкамі.

Быў цёплы сонечны дзень. Мы прыселі да вялікага акна, дзе мож- на было аглядаць і вялікую залу, запоўненую віленскім людам, і сквер звонку, дзе была яшчэ магіла савецкага генерала Чарняхоўскага з вялікім чорным помнікам. Алег уводзіў нас у курс віленскіх справаў, жвава і жартаўліва распавядаючы пра ўсё чыста, што магло зацікавіць нас, гатовых перабрацца ў сталіцу над Вяллёю. А са свайго боку — яго вельмі натхняў наш прыклад, перспектыва рэзка павялічыць беларускую прысутнасць у распаленай тады палітычнымі жарсцямі Вільні. Але ў той сонечны зялёны дзень усё выглядала ціхамірна, зычліва і лагодна. Як мудры погляд мастака, адорнага талентамі й чуллівай душою…

І нішто яшчэ не прадказвала гарачую зіму, абарону тэлецэнтра і парламента Літвы. Алег Аблажэй браў удзел у варце на барыкадах разам са сваёй маладзенькай жонкаю — мастачкай Крысцінай Балаховіч. Ён быў адным з самых радыкальных прыхільнікаў літоўскага «Саюдзіса». Ён не прыпускаў паўтаноў і размывак у пытаннях маралі і годнасці. Меў гонар.

Алег Аблажэй заўсёды падкрэсліваў сваё паходжанне з Наваградчыны. Хоць, калі быць дакладным, ягоная малая радзіма — вёска Лязневічы — у Дзятлаўскім раёне. Бадай, ён адзіны з мастакоў у сучаснай Беларусі, хто атрымаў ажно дзве вышэйшыя адукацыі: пасля графічнага факультэта Віцебскага педінстытута ён у 1985 скончыў аддзяленне графікі Віленскага мастацкага інстытута. І гэтая грунтоўнасць адчувалася і ў ягоным мастацтве, і ў манеры паводзінаў. Ён здзіўляў мяне глыбінёй ведаў і несупынным жаданнем вучыцца. Усё жыццё. Ён вольна гаварыў і пісаў не толькі па-беларуску, але і па-польску, і па-літоўску. Нават перакладаў узаемна з гэтых моваў паэзію.

Аблажэй быў віртуозам графічных экспрэсіўных малюнкаў. Ён шмат і плённа працаваў як мастак-графік, ілюстраваў багата кніжак для беларускіх, віленскіх, варшаўскіх, маскоўскіх выдавецтваў. Усіх сёння і не злічыць. Але адначасна імкнуўся да жывапісу. Выдатны майстар графікі пісаў элегічныя пейзажы і рамантычныя партрэты. А ў многіх беларусаў у свеце ёсць арыгінальныя паштоўкі, зробленыя ім, з розных нагодаў.

У першай палове 90-х Аблажэй супрацоўнічаў з адноўленай «Нашай Нівай» — у газеце друкавалася яго графіка і тэксты. А яшчэ ён пісаў казкі. Па-польску і па-беларуску. У Польшчы пабачылі свет «Siedem bajek o królewnach», а летась у Мінску выйшла яго «Красамоўнае сэрца».

Ён жыў, нібы ляцеў на двух крылах. Графік і жывапісец, патрыёт Беларусі і Літвы, беларус і паляк, тонкі лірык, датклівы чалавек з пяшчотным сэрцам і палымяны рэвалюцыянер, чалавек бескампрамісна маральны. Такім ён быў.

Мастак і пісьменнік, добры і надзейны сябра Алег Аблажэй пакінуў наш свет, адышоўшы ў вечнасць. Засталася памяць. Светлая, як той прахалодны зялёны травеньскі дзень, калі, у міжчассе 1991 года, мы, седзячы ля вялікай шыбы «Палангі», глядзелі на віленскае жыццё, якое было ўжо зусім іншым. Як іншай цяпер сталася беларушчына ў Вільні. Без Алега Аблажэя…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?