Актывісты руху «За Свабоду» змагаюцца за чысціню горада ад георгіеўскіх стужачак.
Актывісты руху «За Свабоду» ініцыявалі акцыю «Захоўвай чысціню, Беларусь — не Расея».
Удзельнікі руху ставяць сваёй мэтай данесці да гараджан, што георгіеўская стужачка «з'яўляецца сімвалам сучаснага расейскага імпэрыялізму і прапаганды вайны». Таксама актывісты руху хочуць распаўсюдзіць інфармацыю аб праваабаронча-асветніцкім грамадскім аб'яднанні «Рух «За Свабоду».
Для гэтага ўдзельнікі акцыі, убачыўшы на аўтамабілях георгіеўскія стужачкі, пакідаюць на машынах улёткі з надпісамі «Беларусь не Расея» і «Шануй чысціню! Беларусь — не Расея». На адваротным баку гэтых улётак — інфармацыя пра рух «За Свабоду».
Актывісты руху «За Свабоду» заклікаюць жыхароў Беларусі адмовіцца ад георгіеўскіх стужачак
— У «каларадскай» стужачцы мы бачым сімвал агрэсіі і вайны, якая можа дайсці і да нас. Такім чынам мы хочам абудзіць у нашых людзях хоць бы крытычнае стаўленне да гэтай сімволікі, каб яны думалі, што яны чапляюць на свае машыны, — кажа Юрый Казакевіч, адзін з ініцыятараў акцыі.
Ён упэўнены, што многія людзі, на машынах якіх вісяць такія стужачкі, на самай справе не з'яўляюцца прыхільнікамі так званага «рускага свету».
— Яны чапляюць гэтыя стужачкі, шчыра лічачы, што такім чынам аддаюць даніну памяці салдатам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але гэтыя стужачкі не маюць дачынення да гэтай вайны, а калі ёсць жаданне аддаць даніну памяці, варта дапамагчы ветэранам. Я ведаю, што калі цалкам спакойна гэта растлумачыць, то чалавек здымае гэтую стужачку і больш ёю не карыстаецца, — разважае Юрый Казакевіч.
Ён прапануе як альтэрнатыву стужачкі з нацыянальным арнаментам, якія цяпер набіраюць папулярнасць. Актывіст кажа, што ў асноўным рэакцыю можна акрэсліць так — «пазітыўная цікаўнасць»: гараджане агрэсіі на такую акцыю не праяўлялі.
Па словах Юрыя Казакевіча, ініцыятыву па ачыстцы гарадоў ад «каларадскіх» стужачак ужо падтрымалі актывісты з Мінска, Слуцка, Маларыты і іншых гарадоў Беларусі.
— Акцыя будзе бестэрміновай. Мы стараемся распаўсюдзіць яе на ўсю краіну, — рэзюмаваў Юрый Казакевіч.