У суполцы «Віцебск — вольныя город! Гарадское самакіраванне!» у Facebook віцебскі блогер Андрэй Кешанюк размясціў паведамленне пра тое, што ён збірае подпісы пад зваротам у гарвыканкам з патрабаваннем адмовіцца ад усталявання помніка наўгародскаму князю Аляксандру Неўскаму.
Сваё патрабаванне ў звароце ён аргументуе тым, што не існуе пацверджанай гістарычнымі крыніцамі значнай сувязі князя Аляксандра Яраславіча з гісторыяй Віцебска. Больш за тое, адзначае Кешанюк, у адпаведнасці з шэрагам летапісаў Неўскі узначальваў аб'яднанае наўгародска-цвярское войска, якое пад Тарапцом змагалася супраць аб'яднаных беларуска-літоўскіх сіл, г.зн. пад яго кіраўніцтвам забівалі продкаў сучасных беларусаў.
Таксама недастатковай прычынай для з'яўлення падобнага помніка ў Віцебску блогер знаходзіць кананізацыю Аляксандра Яраславіча Рускай праваслаўнай царквой, паколькі насельніцтва горада шматканфесійнае і традыцыі шанавання менавіта гэтага святога ў абласным цэнтры няма.
Акрамя таго ў звароце адзначаецца, што адмоўную ацэнку з'яўленню помніка наўгародскаму князю даў шэраг беларускіх гісторыкаў і навукоўцаў. Як альтэрнатыву Андрэй Кешанюк прапаноўвае ўладам горада разгледзець магчымасць устаноўкі на плошчы 1000-годдзя помніка Міхаілу Панцырнаму і Сцяпану Аверка, якія стварылі вядомы летапіс Віцебска.
Жыхароў Віцебска, якія жадаюць падпісаць гэты зварот, блогер просіць звязацца да яго па тэлефоне +375-29-5166044 (МТС). Збіраць подпісы ён будзе да чацвярга, а затым накіруе зварот у гарвыканкам.
Плануецца, што помнік князю Аляксандру Неўскаму ў Віцебску адкрыюць падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада. Падрыхтоўка да яго ўсталёўкі пачалася яшчэ ў канцы мая.