У аснову апавядання пакладзеныя рэальныя падзеі,што мелі месца ў Горадні ўлетку 1926 года.

Цяжкія дзверы адчыніліся, у памяшканне, дзе па лавах сядзела некалькі хлопцаў, вусаты мужчына ў карычневым паліто ды бабуля з кошыкам, закрытым хусткай, зайшоў мажны чалавек у чорнай форме з кукардай-арлом на круглай фуражцы.

— Кто ту ест Клінцэвіч?

— Я естэм.

— Ходзь зэ мноў.

За абшытымі бляхай дзвярыма даўжэзнай кішкой — калідор з бетоннай выцертай падлогай ды цьмянымі лямпамі пад столлю праз кожныя пяць-сем метраў.

— Гадаш дзесенць хвіль і спердаляш. Розумеш?

— Так.

Яны спыніліся перад наступнымі дзвярыма, таксама абшытымі бляхай, толькі з вочкам на ўзроўні галавы. Зграбнымі рухамі «чорны чалавек» адамкнуў іх і запусціў худога, як аплатка, наведніка ў пакой. За спінай бразнуў метал. Дзверы зачыненыя.

Шэры пакой. Невялічкае закратаванае акенца пад столлю. За сталом — такі самы «хлопец-аплатка», толькі, мабыць, яшчэ худзейшы, з рукамі за спінай.

— Вітаю, браце!

— Вітаю, — млява адказаў скаваны, а пасля паўзы дадаў ужо больш рашуча: — Я забіў яго.

* * *

— Нешта ты зашмат паліш, Міша, — прамовіў паголены пад нуль чалавек, гуляючыся з попельніцай. — Зрэшты, не дзіўна… Не дзіўна для таго, чый партрэт надрукаваў «Чырвоны сцяг».

Твар лысага чалавека, які сядзеў за сталом у пакойчыку гатэля, нагадваў маску з вузкімі шчылінкамі вачніц. Праз іх пазіралі цёмныя вочы, колер якіх і ўдзень цяжка было вызначыць, а тут яшчэ і святло бляклае. Ён вытрымаў паўзу, перакруціўшы некалькі разоў алюмініевую попельніцу ў форме галавы Касцюшкі. Як яе ні паварочвай — з’яўляецца твар правадыра паўстання, партрэт-перавёртыш. Лысага чалавека звалі Васіль Рагуля.

— Нават на паліграфію не пашкадавалі, — манатонна працягнуў «маска». — Ты ж ведаеш, што гэта значыць?

— Здагадваюся, — коратка кінуў суразмоўца, вусаты хударлявы мужчына гадоў трыццаці пяці.

— Ну вось… А чаго ты хацеў, Міша? На сустрэчы ты прыходзіш з дзіўнымі людзьмі, якія гавораць па-расейску, але з выразным польскім акцэнтам. Ты сам разумееш, што гэта значыць… У дадатак да ўсяго цябе раптоўна выпусцілі… Выпусцілі чалавека, які рыхтаваў паўстанне ў Заходняй Беларусі, — «маска» іранічна пасміхнуўся, не пазіраючы суразмоўцу ў вочы.

Зацягнуўшыся папіросай-пустыхай, якія спраўна штодня рабіліся на гарадзенскай табачнай фабрыцы Шарашэўскіх, ён перавёў позірк у акно, за якім цыбаў дождж. Святло электрычных ліхтароў адбівалася на бляшаным падваконні ды шахаўніцы новапакладзенага бруку Дамініканскай вуліцы.

Фота ў «Чырвоным сцягу», дзе зрэдку друкаваліся нават партрэты правадыроў і паслоў сойму, магло азначаць толькі адно — справы ў героя неважнецкія. Рэдакцыя зрабіла пад фота кароткі подпіс: «Міхаіл Гурын, правакатар паліцыі». Гэта быў своеасаблівы «гончы ліст», чалавек ставаў па-за законам, забіць яго — справа гонару для кожнага камуніста і беларуса.

Праз сто гадоў бляклае фота на жоўтай газетнай паперы застанецца адзінай зачэпкай для гісторыкаў, каб уявіць твар рэвалюцыянера, палітвязня ды архітэктара «сецэсіі» або расколу ў КПЗБ Міхаіла Гурына-Маразоўскага, вядомага пад нізкай падполных псеўда — Стах, Ян, Легенда, — а ў сапраўднасці ўраджэнца наднёманскіх Ярэмічаў Міхала Ханевіча.

* * *

— Нешта, Сямёне, паліць мне цяжка стала, ведаеш? — робячы паўзу па кожным слове, цадзіў бялявы хлопец, ператвараючы «л» ва «ў» на польскі манер, — Матка кажа, што модліцца за мяне нехта, каб кінуў дурное. Яна сама хіба і модліцца на ружанцы, бо так казала. За ўсю сям’ю нашую модліцца штодня: і за Касю, і за Лешэка, ну і за мяне, каб за навуку ўзяўся ды махорку кінуў. Я гэта адразу зразумеў. А вось швагро мой, Сенька, паліць — і нічого яму не робіцца. Ці тое грудзі моцныя, ці тое… няма каму мадліцца за яго. Ты як лічыш, Сямёне?

У адказ Сямён пусціў струменьчык дыму на суразмоўцу ды паглядзеў убок.

— Ты хоць памятаеш, навошта ты тут?

— Я… ясна, што памятаю.

— Што ты памятаеш?

— …гніль вычышчаць, як таварыш Бес сказаў.

— Цішш… — шыкнуў на суразмоўцу Сямён, зняў клетчатую кепку ды правёў далонню па лбе.

Хлопцы туліліся ў цёмнай браме, з якой было відаць кавалак Дамініканскай ды акрайчык гатэля «Гандлёвы». Лета пераваліла за палову, набліжаўся праваслаўны Ілля. Ночы, асабліва пад ранак, станавіліся халаднейшымі, таму суразмоўцы, каб не задубець, паўзверх кашуль нацягнулі пінжакі ды паліто. Хто ведае, колькі чакаць прыйдзецца, каб «гніль вычысціць».

— Слухай сюды, малы, — не выпускаючы самакрутку з зубоў, засяроджана пачаў Сямён. — Слухай ды запамінай. Госць наш, як выйдзе з гатэля, імаверна, пасунецца па Напалеонаўскай. Можа звярнуць на Басняцкую, але найхутчэй… Слухаеш?!

— Та-так.

— Найхутчэй, ён пойдзе ажно да Пілсудскага і толькі там ля дома доктара, з вежай каторы, зверне налева. Там у яго справа ёсць.

— Якая справа?

— Шлёндра там яго жыве.

— А скуль ведаеш?

— Таварыш Зямляк казаў. А так, наогул, то ты маеш ведаць тое, што табе трэба — і годзе.

— Але ж ты…

Побач зарыпелі дзверы, і на брук лёг прастакутнік святла з вітальні. Сямён урос у цагляны мур, хуткім рухам схаваўшы цыгарку за спінай. Стары з дзвюма торбамі ды кіем прычыніў дзверы ды пасунуўся кудысьці ў бок Юрыздыкі. Сямён, для якога гэта імгненне расцягнулася на гадзіну, выдыхнуў ды толькі зараз заўважыў нічым не збянтэжаны твар Гжэська.

— Сямё-оне, дружа, маеш яшчэ махорку на самакрутачку, га?

* * *

— Заб’юць цябе, Міша, — «маска» строс попел на алюмініевага Касцюшку, а другой рукой нахіліў бутэльку «Выбаровай», разліваючы белую вадкасць па кілішках, — або дэфензіва, а спіхнуць на камуністаў, або камуністы, а скажуць, што дэфензіва. Ты — зацкаваны воўк.

Стах пасміхнуўся, падцягнуў кілішак бліжэй да сябе ды кульнуў. Тое самае, але крыху запаволенымі рухамі ды не заплюшчваючы вачэй, зрабіў «маска». Сцягнуўшы са стала лустачку сала з паўкругам шэрага хлеба, праз імгненне Гурын зноў запаліў.

— Ведаеш што… мы цябе пашлём у Нямеччыну ад Пасольскага клуба, — выціраючы белай сурвэткай вусны, зноў азваўся да госця «маска». — Будзеш там нашым прадстаўніком. Перасядзіш, пачакаеш, заадно і пазнаёмішся з людзьмі, карыснымі для беларускай справы…

— Не хачу, дзядзько, — прамовіў Гурын, нібы вярнуўшыся ў гатэль са схаванага свету сваіх думак і планаў. — Не для таго я сюды прыехаў тры гады таму.

— А для чаго ты прыехаў з сяброўкай сваёй? Для чаго цябе сюды разведупр закінуў?.. Падняў ты паўстанне? Ці не? А мо гэта тыя ж хлопцы, з якімі ты хацеў урадавыя будынкі займаць ды пастарункі паліць, тваю ж рэдакцыю «Бальшавіка» спалілі? А цяпер яшчэ і партрэт гэты…

— Не тыя ж. Ёсць правадыры, а ёсць хлопцы, якія не цямяць, што робіцца…

— А ты хто ў гэтай сітуацыі? Калі табе Троцкі зброю і грошы даваў — ты цяміў, што робіцца? Ці ён табе даваў, каб ты на вуглях старой Польшчы «беларускі дом» збудаваў, чысты ды светлы?..

— Пайду я, дзядзько.

Гурын адсунуў пусты кілішак ды ўстаў з-за стала. Прускі насценны гадзіннік з маленькім якарам на цыферблаце паказваў палову на першую. Дождж на двары сціх. Недзе побач, нібы адразу за акном, заліваўся салавейка.

— Чакай, Міша.

Стах, які ўжо паспеў накінуць чорнае паліто ды ўзяць капялюш у руку, моўчкі развярнуўся.

— Як там Марта?

— Не ведаю.

— Чуў, што пайшла ад цябе.

— …

— Куды зараз?

— …да яе.

— На Пілсудскага, значыць… Ну, бывай здаровы.

— Бывайце, дзядзько.

— Будзеш калі раптам у Ярэмічах, матцы ды дзядзьку вітанні перадавай.

— Пастараюся.

* * *

На завулку каля Дамініканскай было ціха. За апошнюю гадзіну міма прабег толькі чорны сабака. Падышоў, панюхаў хлопцаў ды зноў схаваўся ў цемры.

Сямёну падавалася, што «госць» ужо не выйдзе і заначуе ў нумары. Сядзець у браме да раніцы не хацелася, тым больш што поруч мог прайсці нехта страшнейшы за чорнага сабаку ды спытаць легітымацыю. А там і кішэні спраўдзіць…

Тады браўнінг трэба было б выкарыстаць не паводле прамога прызначэння. А пасля бегчы на Завяршчызну, перакрочыць Юрыздыку ды Літоўскі ручай, прайсці вузкімі сцежкамі, мінаючы рэдкія калонкі, не абяртаючыся на брэх сабак, каб нарэшце дабрацца да Пышак, дзе можна перабыць да ранку, а там ужо праз Мелавыя горы падацца да Грандзічаў.

Сямён ведаў таксама, што Гжэсік, ягоны калега, зусім не пераймаецца такімі пытаннямі, а думае, найхутчэй, пра мамку, калдуны з мясам, свайго белага сабаку ці нейкія іншыя дзіцячыя бздуры, пра якія ён, адказны за акцыю, ужо паспеў наслухацца за вечар.

Хлопец прысеў на кукішкі, грэючы спінаю цагляны мур, ды ўтаропіўся ў брукоўку. …Перад яго вачыма, як гэта часта здаралася апошнімі днямі, пачалі зноў, як некалі, праплываць нёманскія хвалі, зашумела хвоя. Там, унізе, ля берага, ледзьве чутна біліся бартамі чаўны, а на другім, больш пакатым, спуску да вады былі раскіданыя бярвёны, парэшткі разбітага плыта.

Яны з хлопцамі, весела перагаворваючыся, цягнуліся на ўзгорак, дзе ўжо стаяла некалькі дзядзькоў. Для канспірацыі неслі з сабой у кошыках гарэлку ды паесці тое-сёе. Пузатыя бутэлькі з мутнай вадкасцю, выдзьмутыя зусім поруч, у Бярозаўцы, біліся сценкамі не горш за чаўны. Так навучыў таварыш Бес, які ішоў наперадзе, спрактыкаваны падпольшчык і «дзяржаўны злачынца».

Пасярэдзіне невялікай паляны быў бугарок, прыкрыты свежым ядлоўцам, відаць, магіла. Па коле грубка была абкладзеная камянямі. Сямён тады задумаўся: няўжо іх прыцягнулі ад самага Нёмана? Нехта тут сем патоў праліў, дакладна!

Зверху курган быў прыкрыты двума адрэзамі тканіны: рэвалюцыйным чырвоным і таямнічым бел-чырвона-белым…

— Лядзі-лядзі! — нервовы шэпт «малога» перарваў кароткую медытацыю, Сямён вярнуўся ў рэчаіснасць.

Насупраць, метраў за трыццаць ад хлопцаў, адчыніліся дзверы, нібы на суцэльна чорнай шахматнай дошцы з’явілася самотная белая клетка з цёмнай фігурай на ёй. На парозе стаяў чалавек, захутаны ў паліто, ды падпальваў цыгарэту.

* * *

Дымок з коміна павольна распушчаўся ў зорным жнівеньскім небе. Самотны струменьчык ледзьве падымаўся над крытай гонтамі страхой ды поўз далей у бок Нёмана. На Рыбацкай у гэтую ноч тапілася толькі адна хата. Дымам з яе сыходзілі два кепі ў клетку ды пара брызентавых плашчоў.

У куце пакоя перад пацямнелым ад часу картонным абразом Маці Божай Чанстахоўскай укленчыў Гжэсік, ці тое нашэптваючы бабуліну малітву, ці тое плачучы. Невядома, ці Багародзіца чула, але ўшнараваны твар з абраза глядзеў сувора й дапытліва.

На кухні гарэла святло, гаспадыня сярэдніх год вышывала, здзяйсняючы штодзённы рытуал, а мажліва — супакойваючы нервы. Пальцы не слухаліся, таму крыжык не выходзіў, сіне-зялёна-чырвоная ваза з кветкамі, што мела паўстаць на белай тканіне, не давалася жанчыне, нібыта намякаючы на банальнасць сюжэту ў такі неспакойны час.

Сямён з аголеным торсам, у карычневых бруках з плотнай тканіны, замацаваных трочкамі на дужых плячах, паліў, раскінуўшы рукі па металічных кратках рыпучага ложка. Толькі што ён у чарговы раз перамяшаў ды дакінуў у «галандскую» міжпакаёвую печку, выкладзеную белай кафляй станіславоўскіх майстэрняў, новыя шматы, нарэзаныя з сённешніх «рабочых строяў».

Агонь за чугуннымі дзверцамі гуляўся кавалкамі тканіны, перакручваючы іх і ператвараючы ў смярдзючы дым ды незвычайны «слаісты» попел, які варта было разбіваць ды перамешваць зноў і зноў. Гульня агню займала ўвагу Сямёнавых шэрых вачэй, але думкі былі далёка адсюль, ссунутыя ўверх па цячэнні Кронана-Нёмана, ракі часу…

Зноў і зноў у сполахах праплывалі твары людзей, якія згуртаваліся каля невялічкага кургана, прыкрытага пасмамі сцягоў. Зухаваты таварыш Бес са схаванай у плечы галавой злева, таварыш Шэлест у акулярах з вечна засмучаным тварам пасярэдзіне ды… таварыш Стах, з выразнымі чорнымі вачыма ды сухарлявым выцягнутым тварам, справа.

Вочы таварыша Стаха былі запаленыя, вусны прамаўлялі радкі камсамольскай прысягі, якія ўжо хорам, паклаўшы кулак на сэрца, паўтаралі хлопцы, з Сямёнам уключна, час-почас кідаючы адзін на аднаго касыя позіркі, маўляў, ці ўсё правільна кажацца.

Гэтыя запаленыя вочы Сямён сёння ўбачыў другі раз у жыцці, поўныя адчаю і здзіўлення, якія пасля замяніла іронія і… лёгкасць. Так, ён лёгка сустракаў кулю, нібы чакаў яе ўжо не першы дзень, нібы адмыслова шукаў з ёй сустрэчу на паўцёмных гарадзенскіх ды віленскіх завулках, нібы ад гэтага рандэву залежала нашмат больш, чым ад спаткання з Мартай. Але куля падманула абодвух.

Пасля першага, няўдалага, стрэлу, Сямёнаў браўнінг выпусціў яшчэ сем набояў, але ў «госця» спрацаваў інстынкт — ён пачаў пятляць між дрэваў, пасля кінуўся на сярэдзіну пустой вуліцы Пілсудскага, а пазней спрабаваў нырнуць у завулак, пакуль не ўпаў як падкошаны, метраў за сотню ад дома «сваёй шлёндры».

Седзячы каля печы, Сямён не ведаў, што таварыш Стах яшчэ падымецца ды здолее вярнуцца ў гатэль, у якім спыніўся Рагуля, і пагрукае ў дзверы з кароткай просьбай: «Адчыні». Так паранены звер хаваў след, адводзячы драпежніка ад логава, дзе жыла ягоная жанчына… Гурын не ведаў, што чалавек, які страляў у яго восем разоў, як пасля напіша польская прэса, будзе страляць яшчэ раз — ужо ў Вільні, на Антокалі, больш трапна і рашуча.

…Марта ў гэты вечар не чакала нікога, меланхалічна гартаючы лісты з ажурнымі літарамі і шматлікімі клічнікамі, напісаныя па-польску. Часамі яна ўсміхалася, неахайна страсаючы попел з файкі на шчарбатую талерку з выцертай манаграмай. Калі на вуліцы прагучалі першыя стрэлы, яна зачыніла акно ды згасіла лямпу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0