У сераду, 8 чэрвеня, у будынку Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце адбудзецца вернісаж «Брэст-над-Бугам: свет і вайна. 1920—1939 гг. Частка 2». У экспазіцыі з'явяцца 48 фотаздымкаў з прыватнай калекцыі мінскага архітэктара Андрэя Далгоўскага.

Канцэпцыя выставы — гэта працяг пачатага ў 2014 годзе падарожжа ў часе, якое праходзіць праз цэнтральныя вуліцы Брэста-над-Бугам і дазваляе зірнуць на яго жыхароў, а таксама ў поўнай меры адчуць атмасферу мірнага горада сярэдзіны 1930-х гадоў. На фотаздымках міжваеннага часу таксама паказаны салдаты і афіцэры Войска Польскага на вучэннях і ў побыце.

Да сярэдзіны экспазіцыі карціна мірнага размеранага жыцця мірных жыхароў і вайскоўцаў раптоўна мяняецца відамі падпаленых вёсак у ваколіцах Брэста, варонак ад бомбаў і снарадаў непасрэдна на вуліцах горада, кадрамі разбураных будынкаў, разбітай і захопленай тэхнікі і загінулых салдат, якія выканалі свой абавязак да канца і назаўжды засталіся брэсцкім гарнізонам верасня 1939-га.

Асобным фрагментам у агульную канцэпцыю ўключаны віды скрыжаванняў захопленага горада з мірнымі жыхарамі на яго вуліцах.

Дапаўняюць трагічную карціну віды крэпасці з агульнымі або фрагментарнымі здымкамі ваеннапалонных, яшчэ нядаўна былых яе абаронцамі. Адзнятыя нямецкімі фатографамі ў прапагандысцкіх мэтах партрэты гэтых вайскоўцаў — часта апошняя зачэпка для сваякоў, якія да гэтага часу спрабуюць даведацца лёс сваіх блізкіх, зніклых у жорнах сусветнай вайны.

Каардынатарам праекта выступіў брэсцкі краязнаўца Іван Чайчыц.

Выстава, якая будзе прадстаўлена ў зале прыёмаў Генеральнага консульства РП у Брэсце, перамесціцца ў візавы аддзел консульства, дзе будзе дэманстравацца на працягу месяца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?