Карэспандэнт Радыё Свабода наведаў Валянціну Быкаву ў віцебскім шпіталі.

Дактары з неўрахірургічнага аддзялення ацэньваюць стан пабітай невядомым сястры Васіля Быкава як цяжкі.

У сястры пісьменніка дыягнаставаная посттраўматычная пнеўманія, выкліканая наступствамі пераломаў рэбраў. Пакуль трэба адпампоўваць вадкасць зь лёгкіх, яе будуць лячыць ва ўмовах рэанімацыйнага аддзялення. Потым, ёсць імавернасць, яе перавядуць зноў ва Ушацкі шпіталь.

Апрача рэбраў з левага боку, у Валянціны Уладзіміраўны зламаныя плечавая костка злева і запясце правай рукі. Засталося шмат гематомаў, на адной руцэ гіпс.

Яна пры памяці, але не да канца выйшла са стрэсавага стану. Пазнае людзей, размаўляе з дактарамі, распавядае, што з ёю здарылася.

З жахам згадвае напад, які ўчыніў невядомы рабаўнік 27 мая:

— Я пачула шоргат у бакоўцы, убачыла нейкі цень. Пайшла паглядзець. На мяне нехта накінуўся ззаду, схапіў за галаву, потым за горла, калі я закрычала. А потым шпурнуў мяне, я ўпала, ударылася, пабілася аб парог. Нягоднік уцёк, я яго не разгледзела і не пазнала.

За пару дзён да здарэння Валянціна Быкава атрымала пенсію. Можа, на гэтыя два з нечым мільёны і паквапіўся зламысьнік.

Аднавяскоўцы з вёскі Ваўчо Ушацкага раёна кажуць, што цяпер таксама баяцца нападаў. Раней нічога падобнага тут не здаралася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?