Іван Луцкевіч

Іван Луцкевіч

Разам з братам Антонам, Іван Луцкевіч, можна сказаць, быў сярод тых, хто распрацаваў ідэю незалежнасці Беларусі. Луцкевічы заснавалі першыя беларускія газеты «Нашу Долю» і «Нашу Ніву», абвяшчалі незалежнасць БНР.

Антон Луцкевіч.

Антон Луцкевіч.

Луцкевіч нарадзіўся ў горадзе Шаўлі (сённяшні літоўскі Шаўляй) Ковенскай губерні ў 1881 годзе.

Помнік «Стралок» (ці «Залаты хлопчык» як называюць яго мясцовыя) ў Шаўляі. Помнік прысвечаны бітве 1236 года, калі мясцовыя жыхары разбілі лівонскіх рыцараў. Таксама - гэта сонечны гадзіннік.

Помнік «Стралок» (ці «Залаты хлопчык» як называюць яго мясцовыя) ў Шаўляі. Помнік прысвечаны бітве 1236 года, калі мясцовыя жыхары разбілі лівонскіх рыцараў. Таксама - гэта сонечны гадзіннік.

Сёння ў Шаўляі жыве каля 100 тысяч чалавек. Гэта звычайны акуратны еўрапейскі гарадок. Праўда, савецкае мінулае выдае архітэктура: хрушчоўкі, адміністратыўныя будынкі.

Затым сям’я пераехала ў Лібаву (сённяшняя Ліепая ў Латвіі). Ягоны бацька, штабс-капітан Ян Баляслаў Луцкевіч, служыў на Лібава-Роменскай чыгунцы. Ян Баляслаў сябраваў з Дунін-Марцінкевічам. Антон Луцкевіч узгадваў, што іх вялікая сям’я заўсёды жыла ўспамінамі аб паўстанні 1863-га, у якім удзельнічаў бацкаў брат, Стэфан, і ідэаламі дэмакратызму французскай рэвалюцыі. Само сабою, не магло гэта не адбіцца і на дзецях.

Іван вучыўся ў Лібаўскай гімназіі, затым у класічнай гімназіі ў Мінску. Паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Акрамя таго, Іван усё жыццё цікавіўся гісторыяй — таму пачаў займацца і ў Археалагічным інстытуце ў Маскве.

Праўда, вучобе перашкаджала палітычная актыўнасць Луцкевіча.

Іван і Антон — адны са стваральнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазней партыю перайменавалі ў Беларускую сацыялістычную грамаду). У 1903 годзе Іван за сваю палітычную дзейнасць увогуле трапіў у турму. Ён браў актыўны ўдзел у падзеях 1905 года ў Мінску. У выніку, у 1906 годзе Іван разам з братам Антонам вырашаюць схавацца ў Вільні.

Там браты разгортваюць сваю дзейнасць: Ян ініцыюе выданне рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Наша доля». Дарэчы, з сямі нумароў газеты 4 канфіскавалі, а сёмы знішчылі яшчэ ў наборы. Пасля, у тым жа 1906 годзе, засноўваюць і газету «Наша Ніва». То бок, фактычна, Іван і Антон Луцкевічы і сталі заснавальнікамі беларускага друку.

Будынак, дзе размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1914—15 гадах.

Будынак, дзе размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1914—15 гадах.

Памяць аб газеце жывая і ў сучаснай Вільні.

Цяпер у будынку былой рэдакцыі працуе натарыяльная кантора.

Цяпер у будынку былой рэдакцыі працуе натарыяльная кантора.

Тая «Наша Ніва» пазіцыянавала сябе як «газета для ўсіх беларусаў». У ёй пішуць найлепшыя інтэлектуальныя сілы: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш. 

Дом 11 па вуліцы Дамініканскай. Тут была кнігарня Марыі Пясецкай, дзе можна было атрымаць свежы нумар спачатку «Нашай долі», а пазней і «Нашай Нівы»

Дом 11 па вуліцы Дамініканскай. Тут была кнігарня Марыі Пясецкай, дзе можна было атрымаць свежы нумар спачатку «Нашай долі», а пазней і «Нашай Нівы»

Некаторыя з «занадта рэзкіх» нумароў тагачаснай «НН» канфіскуюць, аднак газета існуе, выдаецца і набывае вядомасць.

У гэтым «Доме з атлантамі» на рагу Завальнай і Троцкай знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1907 годзе. А раней сюды хадзіў на працу Багушэвіч, калі быў адвакатам

У гэтым «Доме з атлантамі» на рагу Завальнай і Троцкай знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1907 годзе. А раней сюды хадзіў на працу Багушэвіч, калі быў адвакатам

Акрамя грамадска-палітычнай дзейнасці, Іван Луцкевіч працягвае цікавіцца гісторыяй і этнаграфіяй. Ён калекцыянуе беларускія старажытнасці, беларускія кнігі і рукапісы. Спачатку калекцыя Луцкевіча змяшчаецца пры рэдакцыі «Нашай Нівы», але пазней, у 1918 годзе Іван засноўвае Беларускае навуковае таварыства і перадае свае скарбы яму. Таксама ён публікуе навукова-публіцыстычныя працы па беларускай гісторыі, мастацтве. 

Будынак па Завальнай, 5. Тут таксама месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы». Тут і змяшчалася калекцыя Івана Луцкевіча. У гэтых сценах ночыў і Максім Багдановіч, калі наведваў Вільню.

Будынак па Завальнай, 5. Тут таксама месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы». Тут і змяшчалася калекцыя Івана Луцкевіча. У гэтых сценах ночыў і Максім Багдановіч, калі наведваў Вільню.

Іван і Антон Луцкевічы стаялі і ў вытоках Беларускай Народнай Рэспублікі, былі аднымі з ініцыятараў абвяшчэння яе незалежнасці. Антон нават узначальваў Раду народных міністраў БНР.

Віленская беларуская гімназія, якую заснаваў Іван Луцкевіч. На пачатку існавання гімназіі разам з ёю дзейнічаў прытулак для дзяцей-сіротаў, заснаваны ксяндзом Адамам Станкевічам. Тут выкладалі Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Барыс Кіт, працаваў дырэктарам Браніслаў Тарашкевіч. Пазней тут размясцілі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, які арганізоўваў ягоны брат Антон. 

Бурлівае і плённае жыццё Івана Луцкевіча аказалася кароткім. Ён хварэў на сухоты, невылечную на той час хваробу, а ягоныя «прыгоды» таксама падрывалі і без таго слабое здароўе. 1919 год стаў апошнім для яго. Івана вывозяць у польскі горад Закапанэ, дзе ён і памірае 20 жніўня. Яму было ўсяго толькі 38 гадоў.

Трагічна склаўся і лёс ягонага брата і паплечніка Антона. У 1939 годзе яго арыштоўваюць савецкія ўлады. Спачатку трымаюць у мінскай турме, затым, у 1941 годзе Антона прыгаворваюць да 8 гадоў зняволення. Затым адвозяць у Балашоў, адтуль адпраўляюць у канцлагер праз Актарск, што пад Саратавам. Луцкевіч памірае 23 сакавіка 1942 у санчастцы перасыльнага пункта ў Актарску.

Магіла братоў Луцкевічаў сёння знаходзіцца ў Вільні на могілках «Росы», дзе пахавана шмат вядомых дзеячаў Беларусі і Літвы. На ёй выявы Івана і Антона і шыльда з імём трэцяга брата, Сцяпана (Стэфана).

Магіла братоў Луцкевічаў на могілках «Росы». 

Магіла братоў Луцкевічаў на могілках «Росы». 

Вось толькі ў зямлі пад помнікам ляжыць цела аднаго Сцяпана. Дакладнае месца пахавання Антона Луцкевіча невядомае (вядома толькі, што пахаваны ён на камунальных (гарадскіх) могілках Аткарска ў Расіі). А Іван ляжыць у Закапанэ — у Вільні сімвалічна пахавалі трохі зямлі з ягонай магілы.

Ані Івану, ані Антону няма помнікаў у Беларусі, няма вуліцаў, якія б былі названы ў іх гонар. Толькі ў Вільні Беларускі музей, што ствараецца, пачаў называцца музеям імя Івана Луцкевіча. І гэта пры тым, што Луцкевічы, як і сотні і тысячы іншых, фактычна ахвяравалі жыццём каб дамагчыся таго, што іх нашчадкі атрымалі ў 1991 годзе бясплатна — незалежнасці Беларусі. На тым падмурку з жыццяў і справаў мноства людзей, якія сотню гадоў таму працавалі, цярпелі пераслед, гінулі за свае погляды, і стаіць сённяшняя Беларусь. Не было б іх — не было б сёння і нашай краіны. І помніць пра іх, ведаць іх імёны — гэта абавязак, сыноўняя падзяка бацькам.

* * *

За цікавую вандроўку па Літве і дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу – вялікая падзяка арганізатарам вандроўкі «Іван Луцкевіч і Нашаніўская пара» Валерыі Чарнаморцавай і Паўлу Каралёву, а таксама Таварыству беларускай культуры ў Літве і яго старшыні Алесю Адамковічу, Віленскаму беларускаму музею імя Івана Луцкевіча і персанальна Людвіцы Кардзіс.

Калі вы цікавіцеся вандроўкамі па гістарычных месцах Беларусі і Еўропы — звяртайцеся да Паўла Каралёва і Валерыі Чарнаморцавай па тэлефонах 8-025-545-84-30, 8-029-134-28-04 ці пішыце на скрыню [email protected]

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?