Ва ўмовах сусветнага крызісу Беларусі і Расіі важна аб'яднаць намаганні ў вырашэнні розных праблем. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня, выступаючы на трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску.

«Бясспрэчна, стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі дало магчымасць у значнай ступені актывізаваць тавараабарот, ажыццявіць цэлы шэраг буйнамаштабных сумесных праграм і праектаў. Прынесла ўзаемныя выгады і стала платформай для развіцця адносін па многіх іншых кірунках, — сказаў Лукашэнка. — Аднак прыходзіцца канстатаваць, што замест таго, каб аб'яднаць намаганні ва ўмовах крызісу, мы выжываем паасобку. Навошта? Прэзідэнт Расіі ў аснову таксама паставіў менавіта гэтае пытанне. Давайце ў гэтых умовах будзем разам».

Ён адзначыў, што Беларусь і Расія, рэагуючы на сусветныя выклікі, часта абараняюць толькі свае нацыянальныя інтарэсы.

«Беларусі і Расіі баяцца адзін аднаго няма чаго, — заявіў Лукашэнка. — Мы узаемадапаўняем адзін аднаго па многіх пазіцыях. Трэба гэтым скарыстацца. Але нягледзячы на шматгадовыя інтэграцыйныя працэсы, у нас да гэтага часу на практыцы не забяспечаны ў поўным аб'ёме роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання. А гэта дазволіла б павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі, стварыць сотні тысяч працоўных месцаў і перайсці да новых ўзаемавыгадных праектаў».

Раней падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным 8 чэрвеня Лукашэнка канстатаваў, што бакам пакуль не ўдалося пераламаць негатыўную дынаміку тавараабароту. Так, аб'ём узаемнага гандлю за студзень—красавік 2016 года склаў 7,6 млрд. долараў ЗША, знізіўшыся да ўзроўню аналагічнага перыяду 2015 года амаль на 12%. Экспарт Беларусі ў Расію дасягнуў амаль 3 млрд даляраў, скараціўшыся да адпаведнага перыяду мінулага года прыкладна на 6%. Імпарт з Расіі склаў больш за 4,5 млрд даляраў і знізіўся на 15%.

«Але, што радуе, дзякуючы нашым скаардынаваным намаганням у пераадоленні наступстваў эканамічнай нестабільнасці ў свеце тэмпы падзення тавараабароту значна замарудзіліся. Калі па выніках чатырох месяцаў мінулага года ўзаемны тавараабарот упаў на 30%, то ў гэтым годзе зніжэнне склала каля 12%, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяюся, што падчас сумеснай працы мы зможам адшукаць рэзервы для замацавання станоўчай тэндэнцыі».

«Павышэнню стабільнасці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расіян спрыяла б зняцце яшчэ існуючых некаторых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што эканамічны крызіс павінен з'яднаць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх развіваць кааперацыю, унутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкурыраваць, а ўзаемадзейнічаць на знешніх рынках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?