Паліцыя ў пакістанскім горадзе Лахор арыштавала жанчыну, якую падазраюць у забойстве сваёй дачкі, якая выйшла замуж без дазволу сваёй сям'і.

Паводле дадзеных паліцыі, Зіінат Рафік прывязалі да ложка, пасля чаго аблілі бензінам і падпалілі.

Маці дзяўчыны абвінавачваюць у тым, што для гэтага яна падманам прывяла дачку ў свой дом, забраўшы яе з хаты бацькоў мужа.

За месяц гэта трэці падобны выпадак гвалтоўнай смерці ў Пакістане, калі дзяўчына была спаленая з-за рознагалоссяў са сваякамі або суполкай па пытаннях шлюбу.

На мінулым тыдні стала вядома пра смерць 19-гадовай настаўніцы Марыі Садакат, якая адмовілася выйсці замуж за сына ўладальніка школы. Паводле звестак паліцыі, пяцёра невядомых зайшлі ў дом настаўніцы, калі яе бацькоў не было дома, збілі дзяўчыну, а потым аблілі яе бензінам і падпалілі. Дзяўчына памерла ў бальніцы ў Ісламабадзе.

Месяцам раней у адной з вёсак, па рашэнні старэйшын, была спаленая 16-гадовая дзяўчына за тое, што яна дапамагла сваёй сяброўцы збегчы з вёскі і таемна выйсці замуж. Паліцыя пасля забойства дзяўчыны арыштавала яе маці і кіраўніка рады старэйшын. Сваякі, паводле дадзеных паліцыі, пагадзіліся з вынесеным дзяўчыне радай старэйшын прысудам.

У Пакістане ахвярамі забойстваў, якія здзяйсняюцца з меркаванняў «абароны гонару», паводле звестак праваабаронцаў, штогод становяцца каля тысячы жанчын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?