8 траўня вялікая заля Купалаўскага была далёка ня поўная: напярэдадні «доўгіх выходных» менчукі пачалі разьяжджацца. Але і тэатралаў засталося ў горадзе даволі. Ішлі «Дзеці Ванюшына».

Дзьмітры Булахаў неяк сказаў мне пра Георгія Таразевіча:

— Тое, што мы з табою, пацеючы, будзем прыдумляць гадамі, яму дастаткова ўзгадаць.

Добрая памяць часамі падводзіць — ня толькі ў палітыцы, але і ў мастацтве. А ў пастаноўшчыка «Дзяцей Ванюшына» Аляксандра Гарцуева — добрая памяць. І ён памятае, напрыклад, цудоўную пастаноўку горкаўскіх «Мяшчанаў» на сцэне БДТ. На жаль. Лепш бы ён іх ня бачыў.

Гэта Талстой запэўніваў чытача, што кожная нешчасьлівая сям’я нешчасьлівая па‑свойму. Сям’я купца Ванюшына з п’есы Сяргея Найдзёнава страшэнна нагадвае сям’ю мешчаніна Бесьсямёнава з п’есы Максіма Горкага — што неаднаразова адзначалася і літаратуразнаўцамі, і тэатразнаўцамі. У абодвух выпадках мы прысутнічаем пры распадзе асноваў сьветабудовы. Ячэйка грамадзтва атамізуецца, распадаецца, яе чальцы разыходзяцца ўсё далей і далей адзін ад аднаго. Такіх пастановак сучасны глядач ня любіць. Занадта актуальна — па тэме.

Аднак Таўстаногаў убачыў у п’есе Горкага даволі жудасную трагікамэдыю. Усе гэтыя мітусьлівыя людзі недарэчныя, сьмешныя ў сваім крыку, у няўменьні выслухаць адзін аднаго і знайсьці супольную мову. У тэлевізійнай вэрсіі «Мяшчанаў» ён нават сабраў усе сцэны скандалаў у адно і даў іх перад спэктаклем у якасьці трэйлеру — прадбачліва замяніўшы крыкі герояў іранічнай музыкай. Карцінка ёсьць, а крыку няма. Аляксандар Гарцуеў жа свайго Найдзёнава ня ўбачыў, а пачуў — пачуў у гэтым самым крыку. І, на наш погляд, не паўсюль здолеў захаваць адпаведную жанру меру.

Усю першую дзею героі крычаць. Крычаць адзін на аднаго, а вушы закладвае ў гледача. Будзем лічыць, што вінаваты ў гэтым пастаноўшчык: хто ставіць спэктакль, той і арганізоўвае гукавую прастору. Нават вельмі тонкі майстра псыхалягічнае нюансіроўкі Аляксандар Падабед ня можа наважыць на сваё ды ідзе за рэжысэрскім малюнкам ролі. Але паколькі гэты крык супярэчыць самой сутнасьці ягонага акторскага таленту, першая дзея бэнэфіснага спэктаклю прасядае. Чуць крык купца Аляксандра Ягоравіча Ванюшына ў выкананьні Падабеда даволі цяжка: ён жа, урэшце, ня Савела Пракопавіча Дзікага і ня Кіт Кітыча якога‑небудзь грае! Няма патрэбы глушыць партнэраў і гледачоў. Таму што бацькаў адчай — ціхі. Крыкам бядзе не дапаможаш.

Сытуацыю трохі ратуе мастак‑пастаноўшчык Ігар Анісенка. Ён відавочна таксама мае добрую памяць — праўда, зрокавую. І замест нармальнага купецкага дому мяжы XIX—XX стст. (часоў Васы Жалязновай і Ягора Булычова) Анісенка ўзводзіць эклектычную будыніну — сярэдняе паміж хаткай на курыных ножках і школай чараў Хогвартс з «Гары Потэра». Тут таксама, як і ў Хогвартсе, ёсьць лесьвіца — велізарная, з парэнчамі, якая, чаго добрага, зьменіць сваё месцазнаходжаньне і пакіне на верхнім паверсе неспакойных купецкіх дзетак. Тут вісіць велізарны партрэт любімага дзядулі, які вось‑вось ажыве і няўхвальна пачне хітаць галавою. І ёсьць склеп, адкуль зьяўляюцца злосныя маглы — найстарэйшая дачка Ванюшына Клаўдзія (Юльяна Міхневіч вельмі добра грае гэтую падобную на пацука істоціну) і яе муж Шчоткін (Ігар Пятроў, на наш погляд, трохі гістэрычны — аднак з такою жонкаю…).

Несумнеўнае дасягненьне спэктаклю — музычнае афармленьне. Музыка М.Рыхтэра і Н.Говарда адначасова і архаічная, і сучасная. Музычная трохразовая імітацыя стрэлу ў канцы спэктаклю — калі Ванюшын, раздушаны трагедыяй сям’і, забівае сябе — падабраная вельмі старанна. А ў спалучэньні з промнямі сьвятла, што пранізваюць цемру купецкага дому, і з чарадою дзяцей у белых начных кашулях гэтая музыка давяршае ператварэньне месца дзеі ў нейкае чароўнае памяшканьне, у якім разгортваецца страшная казка. Зрэшты, «Гары Потэр» — таксама страшная казка.

Старому Ванюшыну ў гэтым сьвеце адведзеная роля Дамблдора — толькі Дамблдора‑небаракі. Малодшы сын, Аляксей (бясспрэчная ўдача маладога актора Аляксандра Казелы — магчыма, адна зь дзьвюх найлепшых акторскіх прац ва ўбачанай мной вэрсіі спэктаклю), проста кажа да бацькі:

— Вы нараджалі нас і заганялі наверх. Рэдка мы спускаліся да вас уніз, калі не хацелася піць і есьці, а вы падымаліся да нас толькі тады, калі ўважалі за неабходнае лаяць нас і біць. І вось мы вырасьлі, мы сышлі зьверху ўжо дарослымі людзьмі са сваімі густамі, жаданьнямі і патрабаваньнямі; і вы не пазнаяце нас; вы пытаеце — адкуль мы такія? Як, мусібыць, цяжка вам!

Вось цяжкасьць гэту Аляксандар Падабед грае вельмі ўдала — у другой дзеі. Ягонае шчырае жаданьне дасягнуць спакою, даць усім сямейнікам згоду — гэтаму даеш веры. Тым болей што побач зь ім — такая цудоўная жонка і маці, якую грае Зінаіда Зубкова (другі шэдэўр гэтага вечару — яе Арына Іванаўна абсалютна арганічная, натуральная і тыповая, ёй даеш веры і спачуваеш штохвіліны). Сцэна на мяжы двух актаў, калі старыя Ванюшыны сядзяць побач, і Аляксандар Ягоравіч, мабыць, упершыню разумее рацыю Арыны Іванаўны, якая спадзяецца толькі на Божую дапамогу ў разьвязаньні гэтага канфлікту пакаленьняў — магчыма, самая пранізьлівая ў амаль трохгадзінавым спэктаклі.

Але вернемся да маладых. Калі старым Ванюшыным не пашэнціла з усімі дзецьмі, то гледачу таксама не з усімі пашэнціла. Трохі блякла глядзяцца старэйшы сын Канстанцін (Аляксей Чарнігін) і дачка Людміла (Валянціна Гарцуева). Затое дастаткова выйгрышная Ганначка — Вікторыя Чаўлытка знаходзіць для сваёй добрай і цнатлівай гераіні дакладныя інтанацыі і выклікае да яе спагаду. Удалая Алена (Сьвятлана Анікей) — бедная сваячка, якой здраджвае ейны каханак Канстанцін. Дзіўны тып «дзелавога алькаголі¬ка» паўстае ў выкананьні Сяргея Краўчанкі, які грае зяця Ванюшыных Красаві¬на: гэты хам, які імкнецца стаць панам, не пазбыты і пэўнага ўяўленьня пра гонар, валодае куражом і выклікае ў гледача ня так нянавісьць ці пагарду, як добразычлівую, іншы раз, усьмешку (асабліва на фоне жонкі, якая не іграе ролю, а халодна прамаўляе свой тэкст).

Аднак адзіным чалавекам, годным вырвацца з гэтага запыленага і аглухлага ад усеагульных крыкаў і купецкага Хогвартсу (маем наўвеце архітэктуру, а ня сутнасьць падзеяў), аказваецца малодшы сын. Лінія Аляксея відавочна атрымалася ня толькі ў актора, але і ў пастаноўшчыка. Гарцуеў для гэтага героя не шкадуе эфэктных мізансцэн, сярод якіх пазнаеш нават «Вяртаньне блуднага сына». Цалкам удала грае Аляксандар Казела ў дуэце з Аўдоцьцяй (вельмі маляўніча, з кашэчай плястыкай, стварае ейны вобраз Яўгенія Кульбачная — а ў гэтым эпізодзе яна адначасова дакладна перадае і пажаду драпежніцы‑каханкі, і нерастрачанае каханьне неадбытай маці), аканомкай, якая яго калісь спакусіла. Але апошняе зьяўленьне Аляксея на сцэне — ягонае фактычнае разьвітаньне з бацькам, калі ён кідае выклік старэйшаму брату, які здрадзіў каханьню. І глядач бачыць, як хлопчык у гімназічнай форме неспадзеўкі ператвараецца ў маладога Ванюшына — такога ж высокага, як ягоны бацька, сыграны Падабедам, і нават гарбаватага — толькі не ад цяжару змарнаваных гадоў, а як спружына напятага, гатовага вырвацца на волю.

Мне думаецца, што спэктакль проста яшчэ не накатаны. Акторы ўжываюцца ў ролі, як звычайныя людзі ўжываюцца ў купленую новую вопратку ці абуцьце. Таму і крык іншы раз здаецца рэакцыяй таленавітых людзей на чаравік, які перацінае нагу.

Разам з тым адразу адзначу: пакуль — гэта адзіны спэктакль Купалаўскага, які я — гэта дакладна, і не для таго, каб пра яго пісаць, — пайду глядзець другі раз. І вось чаму.

На тыя самыя ролі Аляксандар Гарцуеў прызначыў вельмі розных актораў. Я бачыў Ванюшына‑Падабеда. Але ёсьць жа і Ванюшын‑Аўсяньнікаў. Гэта зусім іншы актор. Ягоны Аляксандар Ягоравіч мусіць быць не падабедаўскім купцом‑інтэлігентам, а нашмат больш зямным, — хутчэй нават сынам і ўнукам прыгоннага, а ня вольным чалавекам у трэцім пакаленьні. Замест падобнай на котку Яўгеніі Кульбачнай Аўдоцьцю грае Алена Сідарава — акторка зусім іншага амплюа. Хочацца ўбачыць у ролі Шчоткіна Ігара Дзянісава — відавочна мацнейшага нават у сваёй гістэрыі, чым Шчоткін у выкананьні Ігара Пятрова.

Хочацца паглядзець, таму што гэта будзе зусім іншы спэктакль. Хоць — пра тое самае. Пра тое, як руйнуецца сьвет, а стары Дамблдор Ванюшын, мудры і ў глыбіні душы добры чалавек, страляецца ў вішнёвым садзе, так і не знайшоўшы супольнай мовы з натоўпам выгадаваных ім Гары Потэраў, якія не пасьпелі выбрацца з прорвы лёсу, што іх заглынула, нібы інтэрнэт.

Аляксандар Фядута, глядач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0