Антон Матолька агучыў свае прэтэнзіі да Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

«Выкарыстоўваннем маіх здымкаў адказчык нанёс мне значныя маральныя пакуты», — зачытаў Матолька і сам пасміхнуўся.

Далей было весялей. Суд яшчэ будзе вырашаць, ці з’яўляюцца здымкі Матолькі «прадуктам творчасці».

Антон Матолька настойваў, што здымкі патрабавалі ўсіх яго ведаў і навыкаў.

«Гэта была спантанная здымка?» — пацікавіўся суддзя.

Матолька паведаміў, што не. Па яго словах, ён падрабязна «вывучаў інтэрнэт, рэсурсы з надвор’ем», каб зразумець, што ззянне ўсё ж адбудзецца.

— А ў чым выразілася маральная шкода? Фізічныя пакуты? — пацікавіўся суддзя.

— Фізічныя — не. Маральныя — так.

— У чым яны выяўляліся?

— Я быў абражаны. Я быў настолькі ўсхваляваны, што некалькі начэй дрэнна спаў.

Адказчык выставіў мяне на пасмешышча і нанёс шкоду маёй рэпутацыі, у тым ліку і як прафесіянала. Да таго ж я быў вымушаны шмат часу патраціць на пошук інфармацыі па дадзеным пытанні, што штурхнула мяне ў стан яшчэ большага стрэсу.

Мне было непрыемна, што мае здымкі выкарыстоўваліся ў сюжэце пад назвай «Ззяне ў колерах нацыянальнага сцяга». Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я лічу, што нацыянальны сцяг Беларусі — бел-чырвона-белы.

Але чамусьці была прывязка да дзяржаўнага сцяга, і мае фотаздымкі выкарысталі ў тым ліку і для прапаганды дзяржаўнай сімволікі.

— Гэта нанесла вам маральную шкоду?

— Так, бо многія людзі ведаюць, якую сімволіку я падтрымліваю, яны тэлефанавалі мне і пісалі: як так?.

— Гэта значыць, асацыяцыя вашых фатаграфій з колерамі дзяржўнага сцяга прычынілі вам маральныя пакуты?

— Усё дакладна, — адказаў Матолька.

— А ў пашпарце вашым таксама ёсць дзяржаўная сімволіка. Вы ім карыстаецеся, вас гэта не крыўдзіць?

— Не, пашпарт жа не з’яўляецца прадуктам маёй творчасці, — патлумачыў блогер.

Суддзя пацікавіўся, у чым выявілася нанесеная шкода рэпутацыі Матолькі як фатографа.

— З мяне жартавалі і смяяліся як з фатографа, які прадастаўляе здымкі Белтэлерадыёкампаніі, — паведаміў той.

Пасля Матолька заявіў, што хоча замяніць суму кампенсацыі. Цяпер ён захацеў адсудзіць у БТ адзін беларускі рубль.

«Я змяніў суму кампенсацыі, бо пытанне зарабіць грошай не стаіць. Я хацеў паказаць, што нельга красці фотаздымкі. Я хачу, каб тэлерадыёкампанія прызнала сваю віну. Бо падобныя сітуацыі з маімі фота былі і раней, але пытанні заўсёды вырашаліся без суда – СМІ выбачаліся ці аплочвалі здымкі. Каб пазбегнуць суда БТ дастаткова было папрасіць у мяне прабачэння. Яны не захацелі.

І ўвогуле, нават калі я прайграю, я лічу, што сам па сабе гэты працэс – гэта будзе перамога», — паведаміў «Нашай Ніве» Антон Матолька.

 Прадстаўнік тэлебачання да заканчэння пасяджэння быў лаканічны. «Галоўным каментарам будзе рашэнне суда. Я каментаваць не буду», — паведаміў «Нашай Ніве» Андрэй Жылінскі, начальнік аддзела прававой і аналітычнай працы юрыдычнага ўпраўлення Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Праўда, у сваім выступе ён падкрэсліў, што Дзяржтэлерадыёкампанія — арганізацыя не камерцыйная, таму патрабаваць з іх грошы за выкарыстоўванне здымкаў у камерцыйных мэтах нельга. Да таго ж Жылінскі настойвае, што здымкі ўзялі з сайта Матолькі, калі там не было надпісу аб тым, што фота нельга выкарыстоўваць. Ва ўсякім выпадку, пад кожным здымкам такое не было напісана. А аўтарства Матолькі не пазначылі, бо спачатку не ведалі. Потым нібыта даведаліся і пазначылі.

Увогуле, на думку прадстаўніка БТ, галоўнае — як мага хутчэй даць сюжэт у эфір, каб «аператыўна інфармаваць насельніцтва». А потым ужо вырашаць праблемы з заканадаўствам, калі яны раптам узнікнуць.

Што ж да маральных пакутаў, то Жылінскі і ў іх адмаўляе Антону Матольку. Колеры дзяржаўнага сцяга і ўсё, што з імі звязана, на думку прадстаўніка БТ, не могуць выклікаць маральныя пакуты.

***

Нагадаем, што яшчэ ў сакавіку 2015 года мінскі фатограф і блогер Антон Матолька пабачыў свае здымкі паўночнага ззяння ў Беларусі ў навінах на канале «Беларусь-1». Аўтарства Матолькі не пазначылі, дазволу ўзяць фотаздымкі ў яго таксама ніхто не прасіў.

Спачатку блогер звярнуўся ў Белтэлерадыёкампанію. Яму адказалі лістом за подпісам старшыні Генадзя Давыдзькі. Паведамлялася, што супрацоўнікі БТ знайшлі здымкі ў інтэрнэце ў адкрытым доступе.

Пасля гэтага Антон Матолька пайшоў у суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0