Падрыхтоўка палявой базы Гара Вячэрняя да прыёму наступных дасьледчыкаў была галоўнай мэтай першай беларускай антарктычнай экспэдыцыі, якая цягнулася 102 дні — са студзеня па красавік.

Як паведаміў 15 траўня на прэс‑канфэрэнцыі кіраўнік экспэдыцыі Аляксей Гайдашоў, база Гара Вячэрняя належыць Расеі, але з 1993 года яна не эксплюатуецца. І таму прыйшла ў заняпад. Беларускія палярнікі ня толькі прыбралі сьмецьце — 12 тонаў, але і пераплянавалі частку памяшканьняў, а таксама зрабілі іх касмэтычны рамонт.

Да ўсіх аб’ектаў былі падключаныя сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня — сьвятло, электрычнасьць і вада. Цяпер база можа прыняць наступную экспэдыцыю, якая збольшага ўжо будзе займацца навуковай працай.

Падрыхтоўка да новага падарожжа на поўнач ужо пачалася.

Паводле першага намесьніка міністра прыроды і навакольнага асяродзьдзя Аляксандра Апацкага, асваеньне Антарктыкі — гэта ня толькі навуковая праца, але і моцны палітычны фактар. Калі раптам тэрыторыя кантынэнту, які цяпер лічыцца нэйтральнай зонай, пачне дзяліцца паміж рознымі дзяржавамі, Беларусь захоча атрымаць і свой кавалак. Вядома, што ў нетрах Антарктыды шмат газу, нафты, вуглю, урану й іншых карысных выкапняў.

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0