Гаворка пра захопленыя на партызанскай базе кампутары, у якіх захавалася перапіска тэрарыстаў з прадстаўнікамі Чавэса і, у прыватнасьці, інфармацыя пра магчымыя пастаўкі ім зброі зь Беларусі. Павялічваецца імавернасьць таго, што Вэнэсуэлу, а заадно зь ёй і Беларусь зьвінавацяць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

Інтэрпол пацьвердзіў аўтэнтычнасьць інфармацыі, знойдзенай у трох ноўтбуках, двух цьвёрдых дысках і трох флэшках, захопленых калюмбійскімі камандас у часе рэйду на базу партызанаў з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (ФАРК), што разьмяшчалася на тэрыторыі саюзнага з Вэнэсуэлай Эквадору.

Генэральны сакратар Інтэрполу Рональд Нобл паведаміў пра вынікі экспэртызы, праведзенай арганізацыяй. Яна ня выявіла ніякіх маніпуляцый са зьмесьцівам лэптопаў: экспэрты не знайшлі ніякай «мадыфікацыі, зьмены, дабаўленьня або выдаленьня» файлаў з дадзенымі на кампутарах і носьбітах інфармацыі. Адпаведны рапарт Інтэрполу на 102 старонках можна прачытаць тутака.

Вынік экспэртызы Інтэрполу — гэта сур'ёзны ўдар па рэпутацыі Чавэса, але таксама і Беларусі.

Зь перапіскі тэрарыстаў з Чавэсам вынікае, што Вэнэсуэла фінансавала герылью. Сума фінансаваньня магла скласьці нават 300 мільёнаў даляраў.

Эквадор удзельнічаў у гэтых таемных апэрацыях — дзіўна ўжо тое, што база партызанаў, якія на сёньня ўтрымліваюць у закладніках 700 чалавек, свабодна існавала на ягонай тэрыторыі.

Беларусь жа фігуруе ў матэрыялах лэптопаў як крыніца паставак зброі, прычым у лісьце да Рэеса гаварылася пра асабістую сустрэчу беларускага прадстаўніка з пасланцам тэрарыстаў.

Гішпанская газэта «Эль Паіс» першай працытавала э-мэйл Івана Маркеса, лідэра Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі, датаваны 8 лютага: «Беларускі сябар прапанаваў рэалізаваць пакет на чорным рынку, каб пазьбегчы праблемаў. 17-га гэтага месяца у Каракас прыедзе высокі прадстаўнік гэтага сябра, каб удакладніць сьпіс. Анёл папрасіў нас прысутнічаць, каб мы асабіста сустрэліся з дэлегатам. Гэта вельмі важна».

«Анёла» газэта расшыфроўвае як Чавэса. «Прадстаўніком сябра» жа лічыць Віктара Шэймана. «Шэйман быў адным з тых, хто прабіваў падпісаныя летась кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на 720 млн эўра», — піша газэта.

Нагадаем, што 15—19 лютага адбыўся афіцыйны візыт у Вэнэсуэлу беларускай дэлегацыі на чале зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Віктарам Шэйманам.

Пацьверджаньне сувязяў Чавэса з ФАРК можа зашкодзіць ягоным пазыцыям як унутры краіны, так і за межамі. Паводле апытаньняў, 90 % вэнэсуэльцаў асуджаюць дзейнасьць ФАРК. Калюмбійская герылья ўнесеная ў амэрыканскі і эўрапейскі сьпісы міжнародных тэрарыстычных арганізацый.

ФАРК вядзе партызанку ўжо 40 гадоў. Напачатку за ФАРК стаяла баявое крыло Кампартыі, але з часам, калі стала відавочна, што ФАРК скацілася да наркагандлю і бандытызму, камуністы разарвалі з крывавай групоўкай.

Прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Эквадору, што прыйшлі да ўлады на хвалі антыамэрыканскага папулізму, здаўна ненавідзяць прэзыдэнта Калюмбіі — вернага саюзьніка ЗША, які абапіраецца на дапамогу Вашынгтону ў барацьбе супраць наркамафіі і партызанкі.

Вэнэсуэла настойвае, што файлы, здабытыя Калюмбіяй пасьля таго, як яна атакавала паўстанцкі лягер у Эквадоры, фальшывыя.

Дзяржаўны сакратарыят бясьпекі Беларусі назваў публікацыю ў «El Pais» «домысламі». Прадстаўнікі Рады бясьпекі спаслаліся на папярэджаньні Чавэса, які казаў, што Злучаныя Штаты арганізуюць укіданьне ў СМІ такога кампрамату, каб дыскрэдытаваць кіраўніцтва Вэнэсуэлы.

Вынікі экспэртызы Інтэрполу ставяць пад сумнеў абвяржэньні Чавэса і беларускага боку, і Беларусь можа трапіць у няпростае становішча на міжнароднай арэне, бо разам з Вэнэсуэлай наша краіна можа трапіць у сьпіс дзяржаваў-спонсараў тэрарызму.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс ужо назваў заяву Інтэрполу «клаўнадай». Ён так пракамэнтаваў гэтую інфармацыю: «Доказы? Ды кожны юрыст-першакурсьнік ведае, што ніякія гэта ня доказы. Гэта нічога не даказвае!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?