Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», узгадніла спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты па 95 са 110 выбарчых акругаў. Пра гэта было заяўлена 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў першага намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, прэтэндэнты ад правацэнтрысцкай кааліцыі будуць вылучацца як шляхам збору подпісаў, так і ад палітычнай партыі. «Мы хочам ўлічыць вопыт папярэдніх кампаній, калі адным з самых слабых месцаў, на якое можа націснуць улада, каб не зарэгістраваць кандыдата, была падача падпісных лістоў і прызнанне іх несапраўднымі. Таму мы будзем прасіць АГП падстрахаваць нас і вылучыць нашых прэтэндэнтаў кандыдатамі на з'ездзе», — сказаў ён.

Губарэвіч паведаміў, што правацэнтрысцкая кааліцыя падрыхтавала сумеснае пасланне, якое будуць выкарыстоўваць кандыдаты ў дэпутаты. «Яго пункты тычацца супольных каштоўнасцяў, якія нас аб'ядноўваюць. Гэта свабода, годнасць асобы, дэмакратычнае ўладкаванне Беларусі, унікальнасць беларускай мовы і нацыянальных традыцый. Мы выступаем за еўрапейскі выбар Беларусі як спосаб адстойвання нашых нацыянальных інтарэсаў і гарантыю ўстойлівага развіцця дзяржавы і грамадства», — адзначыў ён.

Таксама сярод галоўных прыярытэтаў праграмы, сказаў Губарэвіч, значацца «аднаўленне дэмакратыі, вяртанне парламенцкай формы кіравання і правядзенне палітычных рэформаў, барацьба з карупцыяй, супрацьдзеянне пагрозам суверэнітэту з боку Расіі, максімальнае збліжэнне з краінамі Еўрасаюза, шырокае інфармаванне грамадзян аб перавазе еўрапейскага выбару краіны».

Асобна Губарэвіч адзначыў, што правацэнтрысцкая кааліцыя «на сёння з'яўляецца адзінай паслядоўнай праеўрапейскай сілай унутры Беларусі». «На гэтых прынцыпах мы і будзем будаваць кампаніі нашых кандыдатаў», — падкрэсліў ён.

Губарэвіч лічыць, што парламенцкія выбары, якія адбудуцца 11 верасня, пройдуць «не так гладка», як кажуць прадстаўнікі ўлады. «На некаторых нашых прэтэндэнтаў ужо робіцца націск, у прыватнасці па месцы працы», — паведаміў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0