СТАА «Белвест» плануе выкупіць дзяржпакет акцый, і канцэрн «Беллегпрам», які валодае 55% акцый, не пярэчыць, паведаміў 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык.

«Там вельмі сур'ёзны менеджмент, досыць паспяховае прадпрыемства. Нават у вельмі складаных умовах, прыцягваючы дастаткова сур'ёзныя інвестыцыі, яны ўмудраюцца ўсё гэта абслугоўваць. Прытым што рынак прасеў значна, а 90% яны прадаюць на экспарт, і ў асноўным у Расіі. Для прыняцця рашэння аб продажы неабходная, па меншай меры, бізнес-праграма, бізнес-абгрунтаванне для таго, каб гэта прадпрыемства выкупіла не дзеля выкупу, а дзеля развіцця», — адзначыў Яфімчык. Паводле яго слоў, разглядаецца некалькі варыянтаў.

На пытанне аб магчымасці стварэння холдынгу на базе «Белвеста» ён адказаў: «На працягу многіх гадоў разглядаліся варыянты аб'яднання з гарбарным заводам у Гатаве і з мінскім абутковым ААТ» Прамень», і лідскае абутковае прадпрыемства, і «Белкельме». У «Марка» ўсё скончылася ўказам прэзідэнта і выкананнем яго па стварэнні холдынгу. Па «Белвесце» мы таксама спадзяемся давесці ўсё да лагічнага завяршэння. Што там будзе, як будзе называцца, холдынг ці іншая структура, альбо з «Праменем», альбо з Гатавам, гэта ўсё сёння на стадыі прапрацоўкі. На найбліжэйшай сустрэчы ў Віцебску з дырэктарам прадпрыемства мы будзем выходзіць на тое, каб выносіць нейкія дакументы».

Пры гэтым Яфімчык адзначыў, што аб'яднанне з «Праменем» — даволі складаная працэдура з-за таго, што ім валодае шмат уласнікаў, па Гатаве таксама ёсць пытанні. «Проста так аб'яднаць і нічога ад гэтага не мець? Таму рыхтуем сур'ёзнае бізнес-абгрунтаванне», — заявіў чыноўнік.

СТАА Belwest — беларуска-расійскае прадпрыемства. Асноўныя кірункі: вытворчасць абутку, рознічны гандаль абуткам, рознічны гандаль аксесуарамі і спадарожнымі таварамі. Прадпрыемства створана ў 1988 годзе. Ля вытокаў яго заснавання стаялі два вытворцы абутку — віцебская фабрыка «Чырвоны Кастрычнік» і нямецкая кампанія Salamander. Belwest выпускае 2 млн. пар абутку ў год. Рознічная сетка налічвае 350 фірменных магазінаў у Беларусі, Расіі і Латвіі. У кампаніі працуе каля 4000 супрацоўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?