Металаперапрацоўчае прадпрыемства пад Жлобінам засмеціла адходамі лес вакол сваёй тэрыторыі, паведаміла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі Вольга Грамовіч.

Фота: Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце РБ

Звалку адходаў выявілі дзяржінспектары аховы жывёльнага і расліннага свету ў некалькіх кіламетрах ад Жлобіна. Супрацоўнікі прадпрыемства, размешчанага побач з лясным масівам, выкінулі горы шлаку і шлакабетону проста за плот.

Як вынікае з тлумачэнняў, кіраўніцтва кампаніі спадзявалася ў найбліжэйшай будучыні пашырыць яе межы і далучыць прылеглыя землі, аднак адпаведнае рашэнне выканкамам пакуль прынята не было.

За незаконнае размяшчэнне адходаў па-за санкцыянаванымі месцамі, знішчэнне ляснога подсцілу і жывога надглебавага покрыва на тэрыторыі 587 кв.м прадпрыемству выстаўлена да пакрыцця сума ў 986 мільёнаў рублёў. Сабраныя па справе матэрыялы дзяржінспектары перадалі ў Жлобінскі РАУС для правядзення праверкі. Цяпер прадпрыемства ачышчае занятыя адходамі землі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0