Хунта М'янмы абвесьціла, што 99 % выбарцаў узялі ўдзел у рэфэрэндуме аб зьменах у Канстытуцыі, і 92 % прагаласавалі за. Пры гэтым чвэрць краіны ляжыць у руінах пасьля паводкі, а трупы дзясяткаў тысяч людзей застаюцца нязнойдзенымі.

У рамане Наталкі Бабінай «Рыбін горад» Цэнтравыбаркам абвесьціў аб пераканаўчай і элегантнай перамозе дыктатара, нягледзячы на тое, што ў дзень выбараў над краінай віраваў сьмяротны ўраган. Амаль даслоўна тое самае адбылося ў М'янме (Бірме).

Каб правесьці аддаўна прызначаны «рэфэрэндум», які мае ўвекавечыць кіраваньне вайсковай хунты, улады краіны абмежавалі нават міжнародную дапамогу ахвярам цыклёну «Наргіз», адмовіліся пускаць у краіну ратаўнікоў і дактароў і спынілі допуск замежнікаў у раёны катастрофы. Каб не дай Бог не пратачылася лішняя інфармацыя з краіны і ў краіну.

Нягледзячы на тое, што Індыя папярэдзіла генэралаў пра набліжэньне стыхіі за два дні, залевы засталі м'янмарцаў зьнянацку. У выніку загінулі каля 120 тысячаў чалавек, 2,5 мільёны засталіся бяз даху над галавой і сродкаў для існаваньня. За два тыдні іх становішча мала палепшала: як перадаюць з М'янмы дыпляматычныя крыніцы, у зоне стыхійнага бедзтва пачынаюцца эпідэміі, людзям бракуе пітной вады, ежы, намётаў. Тым часам на краіну насоўваецца новы ўраган.

І вось учора радыё М'янмы абвесьціла, што 99 працэнтаў выбарцаў прыйшлі на ўчасткі, а 92 працэнты зь іх прагаласавалі за новую канстытуцыю.

Цяжка паверыць у такую масавасьць галасаваньня ў краіне, чвэрць якой ляжыць у руінах пасьля стыхіі, а яшчэ чвэрць складаецца зь цяжкадаступных раёнаў. Цяжка паверыць і ва ўсенародную падтрымку генэралаў у краіне, якая на апошніх свабодных выбараў аддала абсалютную большасьць галасоў дэмакратычнай апазыцыі і дзе ўсяго паўгоду таму ўлады расстралялі шматтысячныя маніфэстацыі пратэсту. Сапраўды, хлусьня дыктатараў ня мае межаў.

ААН і міжнародныя арганізацыі працягваюць беспасьпяхова дабівацца ад уладаў М'янмы дазволу арганізаваць маштабную гуманітарную дапамогу пацярпелым рэгіёнам. Улады М'янмы лічаць, што празьмерныя кантакты са сьветам разбуральна ўзьдзейнічаюць на грамадзянаў краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?