Праблема калінінградскіх тавараў, канфіскаваных беларускай мытняй у снежні 2014 года, будзе вырашацца ў судзе.

Пра гэта паведаміў у нядзелю журналістам губернатар вобласці Мікалай Цуканаў, падводзячы вынікі ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у Мінску 7—8 чэрвеня, перадае ТАСС.

«Мы, вядома, абмяркоўвалі праблему тэлевізараў і тавараў, якія, па незразумелых нам прычынах былі канфіскаваныя. Зараз мы звярнуліся ў суд, і ў судовым парадку будзем вырашаць гэтую праблему», — сказаў ён.

Гаворка ідзе не аб вяртанні тавараў, а аб кампенсацыі страт.

У снежні 2014 года беларускай мытняй былі затрыманыя 38 машын з грузамі ад больш як 10 калінінградскіх кампаній — вытворцаў тэлевізараў і прыёмнікаў сігналаў лічбавага тэлебачання. Прадукцыя перавозілася з Калінінградскай вобласці ў Расію.

Падставай для канфіскацыі, паводле беларускай мытні, стала недэклараванне (недакладнае дэклараванне) тавараў.

Расійскія ўлады запэўніваюць, што груз быў легальным і вырабляўся мясцовымі фірмамі.

Са свайго боку, мытня Беларусі сцвярджае, што законна затрымала бытавую тэхніку, бо ўсё сведчыць пра тое, што гэта рээкспарт з Кітаю.

Паводле ацэнак калінінградскіх уладаў, агульны аб'ём страт рэгіянальных кампаній склаў каля 500 млн рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0